У чэшскай кампаніі сцвярджаюць: хабар намесніку мэра Мінска… не давалі

Мінскі абласны суд прысудзіў да 14 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці былога намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Васільева. За тое, што той патрабаваў 500 тысяч долараў хабару ад інвестара — чэшскай кампаніі Еco Clean Energy. І нават нібыта паспеў атрымаць палову – 250 тысяч.

Намеснік Генпракурора Аляксей Стук упэўнены, што чыноўнік пакараны адпаведна злачынству і патлумачыў, чаму на судовае разбіральніцтва не пусцілі журналістаў.

Аляксей Стук: “Чалавек не прыслухаўся і займаўся не тым, чым трэба. Зыходзячы з гэтага такі справядлівы прысуд. А тое, што працэс над ім не быў адкрытым, прадыктавана не тым, што нейкія дрэнныя ўчынкі набудуць галоснасць. Справа ў тым, што на гэтым працэсе агучваюцца пэўныя сакрэтныя дакументы, якія рэгламентуюць службовую дзейнасць”.


                                                 Аляксей Стук

За што сталічны чыноўнік патрабаваў ад чэшскіх інвестараў хабар? У сакавіку 2011 года паміж Мінгарвыканкамам і чэшскай кампаніяй Еco Clean Energy была падпісана інвестдамова на будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода з выкарыстаннем плазменнага рэактара. Кошт дамовы – звыш 30 мільёнаў долараў, тэрмін выканання – канец 2013 года.

З матэрыялаў следства вынікае, што чэхі свае абавязальніцтвы не выконвалі, ім выстаўляліся штрафныя санкцыі, яны абяцалі Васільеву выправіцца і прапанавалі хабар. Але старшыня назіральнага савета чэшскай кампаніі Вацлаў Аўбрэхт сцвярджае, што ніякага хабару Васільеў ад іх не патрабаваў, яны яму нічога не давалі!

Еўрарадыё: Ці сапраўды намеснік мінскага мэра патрабаваў ад кампаніі Еco Clean Energy хабар у памеры 500 тысяч долараў?

Вацлаў Аўбрэхт: “Наколькі я ведаю, ад нас –  нічога і ніколі. Да мяне нічога такога не было, калі я з ім сустракаўся”.


                                           Ігар Васільеў

Праўда, ішла размова пра тое, што ў будучым завод будзе фінансава падтрымліваць спорт. Як сцвярджае Аўбрэхт, нічога канкрэтнага па сумах не абмяркоўвалі, з такім патрабаваннем чэхі пагадзіліся.

Еўрарадыё датэлефанавалася на “прамую лінію” сталічнага кіраўніка, каб даведацца лёс інвестдамовы з чэхамі.

Мікалай Ладуцька: “Сёння мы працуем у накірунку загрузкі трох смеццесартыровачных ліній, якія знаходзяцца ў Шабанах”.

Еўрарадыё: А з гэтай чэшскай фірмай дамова ануляваная?

Мікалай Ладуцька: “Так”.


                                                  Мікалай Ладуцька

Калі канкрэтна дамова была скасаваная, невядома. Кампанія Еco Clean Energy “дзейнічала” ў Беларусі яшчэ 16 ліпеня 2012 года – калі Ігара Васільева затрымалі супрацоўнікі КДБ.

Па словах Вацлава Аўбрэхта, пра рашэнне мінскіх улад ануляваць дамову чэхі ведаюць, але кіраўніцтва кампаніі будзе абмяркоўваць магчымасці выправіць сітуацыю і наладзіць стасункі з Мінгарвыканкамам. І ў Мінску будзе пабудаваны завод з суперсучаснымі тэхналогіямі.

Вацлаў Аўбрэхт: “Такі рэактар яны маюць у Францыі, у Амерыцы, у іншых краінах, але ў вас хацелі пабудаваць лепшы”.

Толькі здзіўляе, што ў красавіку 2012 года эксперт чэшскай экалагічнай арганізацыі “Арыніка” Джындрых Петрлік са здзіўленнем прызнаўся, што пра кампанію Еco Clean Energy чуе ўпершыню!

“Выклікае здзіўленне тое, што ў Беларусі будаваць такое прадпрыемства дазволілі чэшскай кампаніі, якая не мае ніякага вопыту ў гэтай сферы і пра якую раней ніхто нічога не чуў на радзіме”, гаворыць Джындрых Петрлік падчас круглага стала ў Мінску.

Фота: Змітра Лукашука, www.torange.ru, ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі