У Брэсце прайшоў фестываль паветраных змеяў (фота)
"Травеньскае неба Перамогі" сабрало каля 50 удзельнікаў з 12 школаў гораду.
Мерапрыемства, прымеркаванае да гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, праходзіць ужо сёмы раз. Юныя аэрамадэлісты змагаюцца ў 4 намінацыях: пляскаты змей, каробчаты, арыгінальны і змей з эфектамі.
Пра тое, як вызначаюцца пераможцы, Еўрарадыё распавёў суддзя спаборніцтваў па канструкцыі Генадзь Дабранькоў.
Дабранькоў: "Маем такі вугламер. Яго накіроўваем на нітку, на якой трымаецца змей. Так вызначаем адхіленне вугла. Чым больш вугал, тым лепей. Часам вугал можа даходзіць да 90 градусаў — гэта будзе лічыцца найлепшай мадэллю".
Са словаў арганізатараў, асаблівасцю сёлетняга фестывалю стала рэкордная колькасць вельмі маладых канкурсантаў — ажно 12 першакласнікаў.
Дарэчы, ладную частку журы складалі выратавальнікі, што адлюстравалася і на дызайне мадэляў. Ледзь не кожны змей нароўні з тэматыкай 9 мая быў упрыгожаны выратавальніцкай сімволікай. Знаходзіліся і "ідэалагічна слушныя" змеі: іх гаспадары для афарбоўкі абралі колеры дзяржаўнага сцягу.