У байнэт трапіла правакацыйнае відэа з міліцэйскага пастарунка (відэа)

“Я вельмі радая, што гэтае відэа апублікаванае”, — расказвае Еўрарадыё гераіня ролікаў — жыхарка Маладзечна Алеся Садоўская.

130220_pilecki_video.mp3

Яе блізкае і міжвольнае знаёмства з міліцыянерамі адбылося больш за год таму — у навагоднюю ноч-2012. Алеся разам з сястрой сустракала свята ў клубе “Нео”. Пасварылася з аховай клуба і згубіла тэлефон. Супрацоўнікі Дэпартамента аховы не толькі адмовіліся прымаць заяву ад дзяўчыны, але яшчэ і адвезлі яе ў пастарунак. У выніку Садоўская з паўгадзіны пасядзела ў “стакане”, даведалася, што такое “ластаўка” (са звязанымі за спінай рукамі і нагамі дзяўчына ляжала на падлозе каля 20 хвілін) і амаль да абеда 1 студзеня назірала за жыццём пастарунка. Выходзіла з яго ўжо з дапамогай медыкаў з “хуткай”.

У выніку суд так і не прызнаў Садоўскую ў нечым вінаватай, а яе справу закрылі (абвінавачвалі ў хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі). Дамагчыся адказу ад праваахоўнікаў за “стакан” і “ластаўку” Алеся Садоўская таксама не змагла — Следчы камітэт пасля праверкі адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, не ўгледзеўшы доказаў злачынства.

Выпадак меў усе шансы застацца адным са шматлікіх такіх жа, каб не запісы з відэакамер назірання Маладзечанскага РУУС. 18 лютага яны раптам з’яўляюцца на YouTube і ўмомант аблятаюць байнэт. Там добра бачна, што міліцыянты паводзяць сябе як мінімум дзіўным чынам. Юрыст праваабаранчай арганізацыі “Платформа” Алёна Красоўская-Каспяровіч, на сайце якой былі апублікаваныя ролікі, расказвае, што дастаць відэа было няпроста.

“Натуральна, што нам ніхто не збіраўся даваць гэтыя ролікі. Але сярод супрацоўнікаў міліцыі таксама ёсць людзі, якія незадаволеныя выпадкамі, падобнымі на сітуацыю з Алесяй Садоўскай. Таму мы выйшлі на чалавека, які змог дапамагчы ў атрыманні гэтага відэазапісу”.

Як даведалася Еўрарадыё, камеры відэаназірання з’явіліся ў беларускіх РУУСах, СІЗА і нават турмах прыкладна чатыры (!) гады таму. Аднак “уцечка” адбылася ўпершыню. Праваабаронцы расказваюць, што нават суддзі не могуць пабачыць відэазапісы адтуль. Міліцыянты, якія праходзяць па розных справах, гавораць, што відэазапісаў папросту не існуе. Маўляў, тэхніка зламалася.

“Гэта стандартная практыка. Хоць мы і ўпэўненыя, што ўсе відэазапісы існуюць. Аднак на судах гавораць, што яны знішчаныя, альбо што тэхніка была няспраўная”, — скардзіцца праваабаронца.

Публікацыя відэазапісаў натхніла Садоўскую на новую барацьбу. Праваабаронцы больш скептычныя. Паводле законаў, такія відэазапісы не могуць быць доказам на працэсах і не ўплываюць на прыняцце судовых рашэнняў.

Ва Упраўленні ўнутраных спраў Мінаблвыканкама пра публікацыю відэа з маладзечанскага пастарунка гавораць каротка: “Будзем разбірацца. Калі гэта насамрэч відэа з райаддзела міліцыі, то будзем высвятляць… крыніцу ўцечкі”.

“Натуральна, што нам ніхто не збіраўся даваць гэтыя ролікі. Але сярод супрацоўнікаў міліцыі таксама ёсць людзі, якія незадаволеныя выпадкамі, падобнымі на сітуацыю з Алесяй Садоўскай. Таму мы выйшлі на чалавека, які змог дапамагчы ў атрыманні гэтага відэазапісу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі