У бацькі Змітра Дашкевіча рак у другой стадыі

То там, то тут у прэсе пачала з’яўляцца інфармацыя, што ў бацькі Змітра Дашкевіча, спадара Вячаслава, “цяжкая хвароба”. Мы затэлефанавалі ў Старыя Дарогі, каб наўпрост спытацца пра гэтую няпростую тэму. Напачатку Вячаслаў Дашкевіч катэгарычна адмовіўся размаўляць пра гэта — не хоча, каб яно разносілася. Аднак потым прызнаўся, што сам міжволі прагаварыўся… Уладзіміру Някляеву.

 

Вячаслаў Дашкевіч: “Я зрабіў глупства, калі быў на прыёме ў амерыканскай амбасадзе і сказаў пра гэта Някляеву — дагэтуль ніхто пра гэта не ведаў. А я зрабіў глупства, бо там было вельмі многа цудоўнага віна — адсюль усё і пайшло…”

Вячаслаў Дашкевіч

Высветлілася, што мы заспелі спадара Вячаслава па дарозе ў Бараўляны.

Вячаслаў Дашкевіч: “Кладуся на нейкае абследаванне і лячэнне. Там казалі, быццам бы 4-5 дзён, тады яшчэ столькі ж цераз два тыдні — і так тры разы цераз два тыдні”.

Спадар Вячаслаў шчыра здзіўляецца, чаму ад таго моманту, як хваробу агледзелі, да моманту пачатку лячэння прамінула ажно паўгода!

Вячаслаў Дашкевіч: “Мая дачка ад першага шлюбу ў Літве жыве. І калі я сказаў пра гэтую тэму, яна спытала, калі стала вядома пра маю хваробу. Я адказаў, што ў сакавіку. Яна сказала: “Як гэта так! Паўгода прайшло — і табе нічога не робяць! У нас адразу бяруць на лячэнне!” А мне тут сказалі, што яна “вельмі павольна, гэтая хвароба праходзіць”.

Зміцер усяляк падтрымлівае бацьку ў лістах

Трэба адзначыць, што за ўвесь час размовы спадар Вячаслаў ні разу не сказаў уголас дыягназ — “рак”. Кажа пра гэта толькі ўскосна — “анколаг сказаў”, “другая стадыя”, “лячэнне ў Бараўлянах”... Упершыню падазрэнне на хваробу з’явілася яшчэ тры гады таму. Тады спадар Дашкевіч не стаў правярацца, бо не меў грошай на платны аналіз.

Вячаслаў Дашкевіч: “Наш раённы анколаг яшчэ тры гады таму накіроўваў мяне ў Слуцк на гэты аналіз, бо ў нас у Старых Дарогах яго не робяць. Прытым гэта аналіз платны, а ў мяне тады грошай было, як кажуць, упрытык. Ну і не паехаў я. А сёлета, дзесьці ў пачатку года, мне трэба была даведка на санаторнае лячэнне. Зноў гэты ж самы доктар мяне зноў накіраваў на тое самае даследаванне ў Слуцк. Я вырашыў праверыцца — праўда, платнае, дваццаць з нечым тысяч. І сказалі, што нейкага рэчыва ў мяне ў крыві больш за паўтары нормы. Потым у Бараўляны накіравалі, там пацвердзілі. І вось з сакавіка да гэтага часу ўсё цягнецца… Хоць я сам не адчуваю нічога. Але мне сказалі: як будзеце адчуваць, ужо позна будзе. Ну, другая ступень пакуль што…”

Вячаслаў Дашкевіч (злева) з сынам Змітром (справа)

Спадару Вячаславу цяжка размаўляць наконт сына. Нагадаем, цяпер на Змітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу нібыта за парушэнне рэжыму ў калоніі. Лідар “Маладога фронту” ўжо скончыў азнаямленне з матэрыяламі следства, яго чакае суд, які можа “накінуць” новы тэрмін.

Вячаслаў Дашкевіч: “Я не чакаю нічога добрага. Сын мой, гэты сын мой, ён не церпіць, я б сказаў, ніякага кампрамісу. Ніякага. У нас бываюць нават спрэчкі наконт гэтага. Не можа ён сагнуцца, не можа. Яго можна толькі зламаць, а сагнуць яго нельга. Пакуль будзе Лукашэнка, ён будзе сядзець у турме… Для мяне гэта непад’ёмная тэма…”

Малы Зміцер Дашкевіч

За два гады Вячаслаў Дашкевіч бачыў сына адзін раз — 40 хвілін праз шкло.

Вячаслаў Дашкевіч: “Даўно ўжо, месяцы чатыры ці пяць таму… Вось за два гады адно толькі спатканне было кароткае з ім… Больш яму пакуль што не дазволена”.

Зміцер Дашкевіч ведае пра хваробу бацькі, усяляк падтрымлівае яго ў лістах.

Вячаслаў Дашкевіч: “Выхоўвае мяне — каб я не гаварыў абы-чаго сродкам масавай інфармацыі…”

Нагадаем, ужо калі Зміцер адбываў тэрмін у калоніі, у яго раптоўна памерла маці. Цяпер вось — страшная хвароба бацькі… Аднак будзем спадзявацца, што тут чашу пранясе міма — прынамсі, лекары кажуць, што заўважана хвароба своечасова і мусіць паддацца лячэнню.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі