Твары беларускага року выставяць на паказ (Фота)

110826 Malina Osmos.mp3

Музычнае аб'яднанне "Осмос" вырашыла сабраць фотакарткі ўсіх прадстаўнікоў беларускага року. Ідэя такога праекта з'явілася яшчэ два гады таму, пасля выдання календара "Шчыры рок-н-рол", але да гэтага часу ніяк не атрымлівалася яе рэалізаваць.

Загалоўная старонка календара "Шчыры рок-н-рол"

Як патлумачыў дырэктар студыі "Осмос" Павел Юрцэвіч, каляндар – гэта толькі 12 персон і на ўвесь сучасны рок-н-рол ніяк не цягне. Таму працяг праекта проста сам напрошваўся.

Павел Юрцэвіч: "Вырашылі зрабіць працяг – сабраць людзей, якія на гэты момант фармуюць асяроддзе беларускага рок-н-ролу ды альтэрнатывы. То бок, гэта і музыкі, і прадзюсары, і журналісты, прамоўтары, карацей, усе-усе. Стыль фотакарткі застаецца – твар на ўсю фотакартку, і ўсё гэта высокага пашырэння. Падыход, зноў жа, ранейшы – твар, як адлюстраванне душы чалавека. То бок, мы жадаем паказаць сапраўдных рок-н-рольшчыкаў, ніякага гламуру і ніякага фоташопа".

Праўда, з такой канцэпцыяй вельмі складана атрымаць згоду ад дзяўчат – прызнаецца Павел. Ды і некаторыя хлопцы таксама задумваюцца ці трэба ім такі партрэт.

Сяргея Пукста, Аляксандра Ракаўца ды Леаніда Пўлёнка мы сустрэлі на выхадзе са студыі

Па самых сціплых падліках ужо зараз атрымліваецца каля ста партрэтаў, гэта пры тым, што ад гурта фатаграфуюць толькі аднаго ўдзельніка – франтмэна ці лідара, тут музыкі самі вырашаюць. Зразумела, што гэта не толькі мінская рок-тусоўка, але і рок-н-рольшчыкі з усіх куткоў Беларусі.

Павел Юрцэвіч: "Хутка мы чакаем магілёўскі дэсант, трэба далучыць Гомель, Брэст, Віцебск, то бок усе гарады, дзе ідзе “дзвіжуха”. Плануем скончыць да канца года. Сам працэс фатаграфавання плануем скончыць праз месяцы два, а потым рыхтавацца да прэзентацыі".

Павел Юрцэвіч за працай:)

На жаль, выдаваць зробленыя партрэты у выглядзе альбома Павел не збіраецца, хоць і не выключае такога. Здымкі з'явяцца ў інтэрнэце, але самае галоўнае, што з іх будзе зробленая вялізная экспазіцыя.

Павел Юрцэвіч: "Мы рыхтуем цэлую серыю на кожны партрэт. То бок будзе класічны партрэт А3 фармату, а вакол яго будуць чорна-белыя варыянты, стылізаваныя пад Чэ Гевару, Мэрлін Манро і г.д. Магу дакладна сказаць, што гэта будзе інсталяцыя на ўсю сцяну. І калі вы сходзіце адзін раз, то будзе сэнс прыйсці яшчэ раз, бо вы ўбачыце нешта новае. Мы плануем унесці ў экспазіцыю вялікую колькасць інфармацыі".

Павел Юрцэвіч і Зміцер Шаўчук

Пра тое, як прэзентуюць выставу, Павел нічога пакуль сказаць не можа. Маўляў, лагічна было б зрабіць канцэрт, але ў ім тады збярэцца зашмат удзельнікаў, якія будуць граць няспынна цягам тыдня. А калі не запрашаць кагосьці выступіць, то могуць і пакрыўдзіцца.

Працэс здымак Змітра Шаўчука

Каця Пытлева пагадзілася здымацца, але загадзя падрыхтавалася

Фатограф праекта Улад Някрасаў

А вось і я (Ілля Маліноўскі калі што:)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі