Туркменскі студэнт пра затрыманых суайчыннікаў: “Па-руску ― ні а, ні бэ”

Відаць, самым гучным шоў у навагоднюю ноч быў не салют, а затрыманне дзясяткаў чалавек у ваколіцах Палацу спорту ля святочнай ёлкі. Паводле інфармацыі суда Цэнтральнага раёна сталіцы, у выніку беспарадкаў да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі 18 туркменаў і ўзбекаў. А таксама дваіх беларусаў. Усіх іх пакаралі невялікімі штрафамі ці двума суткамі арышту.

Згодна з версіяй службовых асоб ГУУС Мінгарвыканкама, “госці сталіцы нецэнзурна лаяліся, піхался, падалі на калені, забіраліся на сцэну”.

Еўрарадыё паспрабавала знайсці ўдзельнікаў тых падзей. Але і працоўнага дня на гэта не хапае. Нашчадкі Туркменбашы аказаліся звышакуратнымі і маўклівымі суразмоўцамі: “Былі дома, нічога не ведаем”.

У выніку пошукаў міжнародны культурны цэнтр адной з мінскіх ВНУ выводзіць нас на туркмена Азіма. Хлопец лічыцца старшым па студінтэрнаце, дзе жыве шмат яго землякоў.

“Хто там быў з нашага інтэрната ― яны студэнты першых курсаў, рускай мовы не ведаюць, яны з прыгарадаў Ашхабада, не сталічныя. Цяжка ўявіць, як бы вы з імі пагаварылі, ― апісвае Азім. ― Мне самому было складана іх зразумець, хоць я сваю мову ведаю. Відаць было, што яны ― не выхаваныя належным чынам”.


Кіраўніцтва ўніверсітэта, калі даведалася пра затрыманні, звярнулася да Азіма, каб той высветліў, што да чаго.

Новы год я адзначаў з сябрамі на кватэры, ― працягвае студэнт. ― На наступны дзень мне тэлефануе загадчыца інтэрната: так і так, на ёлцы пабіліся туркмены, іх забралі, ці можаш даведацца, хто яны? Трэцяга чысла тых пацаноў адпусцілі з міліцыі, я іх знайшоў. Па-руску ― ні а, ні бэ. Я і пачаў іх на сваёй мове распытваць. Патлумачылі так, што двое туркменаў пачалі біцца, міліцыя іх “упакавала”. Але пасля пачалі забіраць усіх, хто не рускай знешнасці. Нібыта, дэпартаваць хочуць. Магчыма, гэта была і масавая бойка. У аднаго пытаюся, кажа: “Я біўся”. У другога ― таксама счапіўся з кімсьці”.

Інтэрнат №3 Лінгвістычнага ўніверсітэта дагэтуль не можа адысці ад навагодніх гулянняў. Тутэйшыя туркменскія пастаяльцы таксама былі сярод затрыманых ля ёлкі.

Адзін мой сусед там удзельнічаў, але ўсяго не ведаю, бо мяне часта няма дома, ― кажа студэнт Шахрат, будучы перакладчык. ― Яны вінаватыя: біліся, трэба было менш піць. Але ёсць і тое, і тое: затрымлівалі і вінаватых, і невінаватых. Я сам не п’ю. Калі б мяне затрымалі, я б даказаў праўду”.


Жыхар інтэрната №3 МДЛУ Аляксандр расказвае Еўрарадыё, што бойка ля навагодняй ёлкі не першая такая прыгода туркменскіх студэнтаў.

Новы год, 1 студзеня, каля шостай гадзіны раніцы на першым паверсе туркмены і нашы зладзілі бойку. Я вяртаўся ў інтэрнат і на ўласныя вочы бачыў пабітае шкло і кроў на самым уваходзе, ― расказвае жыхар інтэрната. ― Наколькі ведаю, бойка пачалася з-за таго, што туркмены і нашы не вырашылі пытанне, хто павінен разліваць гарэлку. А ў іх менталітэт не такі, як у нас. Туркмены, калі п’яныя, у два разы больш небяспечныя за беларусаў. Дах зрывае з-за любой дробязі. Вось і пачалі бутэлькамі лупіць па галаве. Прагледзелі запісы з камер відэаназірання, і аказалася, што вінаваты туркмены”.


У амбасадзе Туркменістана каментаваць здарэнні не сталі: “Афіцыйных папер наконт здарэння да нас не дасылалі”.


Відавочна, што ўзгаданыя канфлікты выклікалі рэзананс і таму, што ўдзел у іх прымалі туркмены. Каб былі беларусы, то, можа, пра ёлку ля Палацу спорту ніхто нічога не даведаўся б.

Аднак рана ці позна такія сітуацыі мусілі ўсплыць: туркменскіх студэнтаў у Беларусі ўжо больш за пяць тысяч ― цэлая армія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі