Турфірмы: У Малайзію і на Кубу беларусы як ездзілі, так і ездзяць

111130 Marcin Tourism.mp3

“Яны мяняюць экзатычныя накірункі. Тайланд змяніўся Эміратамі, Эміраты — Мальдывамі, Мальдывы — Кубай. Тыя, хто ездзіў два разы на год, адпачываць, ездзяць два разы і цяпер”, — распавядаюць у турагенцтве “Софттур”. Хто дазваляў сабе экзотыку летась, дазваляе і цяпер.

Але кліентаў такіх не шмат. За два гады набралася блізу 15 чалавек, гавораць у “Софттуры”.

У агенцтва “Вояжтур” па экзотыку звяртаюцца некалькі разоў на тыдзень!

“Калі казаць пра экзотыку, попытам карыстаюцца азіяцкія напрамкі: Філіпіны, напрыклад. Ці камбініраваныя туры: разам з Філіпінамі Сінгапур і Малайзія”, — кажа супрацоўнік турфірмы Дзяніс Гаваркоў.

І крызіс аматарам экзотыкі хоць бы што. Цяпер найчасцей ездзяць у Індыю.

“Тыя туры, якія былі нятанныя, карыстаюцца попытам і цяпер. А тыя, хто купляў танныя туры, сталі ездзіць нашмат менш”, — дадае Дзяніс.

Паехаць у такі экзатычны тур абыйдзецца ў 3-3,5 тысячы долараў на дваіх, калі адпачываць два тыдні. Махнуць на Кубу на 10 дзень выйдзе ў 1,5 тысячы долараў на аднаго, агучваюць кошты ў агенцтве “Би-тур”. І дадаюць, што ахвочых да экзатычнага адпачынку сёлета не шмат. Агулам у гэтым годзе ў агенцтва звяртаецца ў 4 разы менш кліентаў, чым летась.

“Хто выбіраў шыкоўны адпачынак, застаюцца на тым жа ўзроўні. Гэта тыя людзі, якія і раней адпачывалі ў экзатычных краінах. А вось тых, хто летась ездзіў у Егіпет, наогул няма”.

Тое ж кажуць і пра Турцыю. Бо адпачынак для сярэдняга класа стаўся непад’ёмны.

“Беларусы нікуды не могуць ездзіць: у іх грошай няма. Шкада, што знікла праслойка сярэдняга класу. Яны абіралі недарагія, але цікавыя праграмы. Але цяпер у іх наогул няма грошай, як мне падаецца”, — упэўнівае супрацоўніца ў кампаніі “Планета грёз”.

З ёй пагаджаецца дырэктар агенцтва “Лентяй” Аляксей Цярэнцьеў. І прыводзіць прыклад:

“Нашая кампанія рабіла шмат танных тураў. У гэтым годзе падзенне па гэтых турах у 5-6 разоў”.


З гэтай нагоды турыстычным кампаніям даводзіцца скідваць кошты на туры ў Егіпет і Турцыю. І яны будуць таннець і надалей, гаворыць рэдактар газеты "Туризм и отдых" Лілія Кобзік.

“Калі некалі адпачынак каштаваў тысячу на асобу — з вылетам з Мінска, то цяпер ён прадаецца за меншую цану, як цана авіябілета. Білет да ўчорашняга дня каштаваў 630 долараў, з заўтрашняга дня ён будзе каштаваць 600 долараў, а турпакет для дваіх, у чатырохзоркавы гатэль, дзе ўсё ўлічана, каштуе 420 долараў на асобу, то бок 840 долараў”.


Але цяпер беларусы не могуць дазволіць сабе нават такія вандроўкі, упэўненая Лілія Кобзік. Значыць, сёлета беларусы  адпачываюць узімку ці то на Філіпінах і Кубе, ці то ў аграсядзібе, ці то дома.

Фота: zastavki.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі