Турфірмы: Кошты выраслі на 10%, а Грэцыя выцясняе Турцыю

130321_marcin_adpachynak.mp3

У беларускія турфірмы пацягнулася другая хваля турыстаў, каб забраніраваць летні адпачынак. Падвышэнне коштаў на 10-15% ад мінулагодніх не пужае.

“На ўсе напрамкі падаражала: на Балгарыю, на Грэцыю. Праўда, на Грэцыю, на раннім браніраванні, кошты былі мінулагоднія, а потым кошты падняліся на 10-20%. Хто раней абіраў Крым, цяпер едуць у Балгарыю, Грэцыю”, — расказвае Алена Фінская, кіраўнік аддзелу продажаў турфірмы “Алые паруса”.

Свой летні адпачынак беларусы плануюць са студзеня. Сёлета турыстаў у чатыры разы больш, чым летась у гэты ж час.

“У студзені-лютым звароты да нас павялічыліся ў 3-4 разы. Добрых гатэляў не так шмат, яны выкупляюцца загадзя, таму людзі плануюць адпачынак за паўгода. Многія гатэлі ў Грэцыі, Балгарыі ўжо на стопе”, — працягвае Алена Фінская.

І называе сёлетнія кошты: дзесяцідзённы адпачынак у крымскім пансіянаце з двума басейнамі і харчаваннем у ліпені абыдзецца ў 500 долараў. Паехаць у такі ж адпачынак у Балгарыю на “ўсё уключана” пацягне на 450 еўра.

Турцыя падняла кошты, таму турысты з Беларусі аддаюць перавагу Грэцыі, адразу кажуць у кампаніі "Альфа-тур":

“У Турцыі на 15% выраслі кошты. Людзі тэлефануюць, пытаюць пра Турцыю, здзіўляюцца і просяць тур у Грэцыю. Мала цікавяцца Крымам, пераарынтуюцца на Балгарыю. Паводле коштаў: Балгарыя — самая танная, потым Грэцыя, Турцыя і Кіпр”.

Пры гэтым у грэчаскіх гатэлях ужо амаль няма месцаў, папярэджвае намеснік дырэктара “Алатан-тур” Ігар Шаршуноў:

“Сёлета Грэцыя ўдвая павялічыла аб’ём, увяла ранняе браніраванне, пусцілі больш рэйсаў — на пачатак чэрвеня ўжо амаль няма месцаў”.

І агучвае кошты: адпачыць у турэцкім чатырохзоркавым гатэлі з пералётам і харчаваннем дзесяць дзён у чэрвені — 750 долараў на чалавека. Грэцыя з “усім уключана” будзе каштаваць столькі ж.

У турагенцтве “4 стороны света” абяцаюць падаражанне тураў з красавіка:

“Кошты растуць. Ранняе браніраванне да 31 траўня — потым кошты вырастуць. Самае папулярнае зараз Балгарыя, Турцыя. Егіпет адышоў на другі план”.

Летась з Беларусі выехалі паўмільёна турыстаў, паведамляе Белстат. Найбольш беларусаў ездзілі ў Расію, Украіну, Балгарыю, Грэцыю, Егіпет, Іспанію.

Фота:planetazemlya.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі