ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі Кавалькову, Казлоўскага і Квітко

Кавалькова не ўказала ў дэкларацыі частку свайго прыбытку — крыху больш за 2,5 мільёны рублёў.

“Гэты прыбытак складае толькі 6% ад майго гадавога прыбытку, і таму не можа лічыцца істотным. Бо істотнай лічыцца памылка як мінімум у 20%”, ― зазначыла ў сваім выступе цяпер ужо кандыдат у дэпутаты.

Чальцы Цэнтрвыбаркама не знайшлі як падтрымаць рашэнне акруговай камісіі і прагаласавалі за яго адмену.

Паводле адных звестак, Кавалькова — сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, паводле іншых — аргкамітэта па стварэнні БХД.

Таксама сёння ЦВК зарэгістраваў кандыдатам Паўла Казлоўскага. Экс-міністр абароны пазмагаецца за мандат з дэканам факультэта маркетынга БДЭУ. Сам ён на паседжанне не прыйшоў.

Васняцоўская выбарчая акруга №93 адмовіла Казлоўскаму ў рэгістрацыі праз недакладна запоўненую дэкларацыю аб прыбытках.

“Нагодай да гэтага стала недакладнае ўказанне памераў нежылога памяшкання (а менавіта ― гаражу), якое належыла Паўлу Паўлавічу на правах уласнасці, а таксама прыбыткаў, якія ён, магчыма, атрымліваў ад здачы ў арэнду садовага доміка”, — распавяла прадстаўніца Цэнтрвыбаркама.

Гэтыя памылкі ў ЦВК палічылі неістотнай і зарэгістравалі Паўла Казлоўскага кандыдатам у дэпутаты. На выбарах Казлоўскі прадстаўляе Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Алег Квітко з Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Акруговая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі, бо ён не ўказаў у дэкларацыі, што з’яўляецца ўласнікам зямельнага ўчастка. Але Квітко прынес дакументы, якія пацвярджаюць, што ён прадаў гэты ўчастак 11 гадоў таму.

Квітко стаў шостым кандыдатам у дэпутаты на Каліноўскай выбарчай акрузе №96. Акрамя яго там балатуюцца сябры АГП і КПБ, першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі, галоўны лекар 3-й дзіцячай паліклінікі сталіцы і галоўны інжынер "Рамаўтадара".

Таксама ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў дэпутаты беспартыйнага Паўла Спірына і Сяргея Карповіча з партыі БНФ. 

У чацвер ЦВК разглядае дзясяткі скаргаў ад прэтэндэнтаў, якія не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Мінску. Сярод іншых, ЦВК разгледзіць справу Аляксандра Мілінкевіча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі