TEDxWarsaw: "Вітаем, цяпер вы адзін з 800.000 крэатыўных людзей!"

У Варшаве адбылося мерапрыемства незвычайнага для постсавецкай прасторы фармата — TED. За 12 гадзін аднаго дня пад адным дахам, у адной зале (з перапынкамі, падчас якіх людзі знаёмяцца паміж сабой і абмяркоўваюць выступы, так званыя тэд-токі) збіраюцца сотні крэатыўных людзей з абсалютна розным бэкграўндам для абмену ідэямі, натхненнем, досведам і ведамі.

 

750 чалавек, 20 спікераў, адзін ток — роўна 18 хвілін, ты садзішся ў крэсла — і нібыта адпраўляешся ў палёт: адзін за адным цікавыя людзі выказваюцца на сцэне, пад святлом пражэктараў, тры камеры, якія транслююць выяву спікера ў розных ракурсах на вялікі экран. Выступ можа суправаджацца фота, відэа, слайдамі прэзентацыі ці музыкай, дазволена ўсё. Такім чынам выступ робіцца захапляльным і відовішчным, усё гэта падобнае да нейкага інтэлектуальнага тэатра! Мерапрыемства прытуліла самая вялікая зала самага вялікага кінатэатра ў рэгіёне — Multikino, ў самым цэнтры горада, а спонсарамі выступілі буйныя арганізацыі, напрыклад Microsoft ці British Counsil.

Мерапрыемства цалкам некамерцыйнае, удзел быў бясплатны і ні дакладчыкі, ні арганізатары не зарабілі на гэтым грошай. У гэтым і ёсць розніца паміж TED i TEDx: першы — камерцыйнае мерапрыемства, закрытая тусоўка, трапіць на тыя выступы можна за вялікія грошы і выключна па запрашэнні, а другі — гэта тое, што адбылося 22 сакавіка ў Варшаве.

Запрошанымі выступоўцамі былі, напрыклад, спецыяліст па новых медыях Джэмі Кедзі, астраном-аматар Караль Вайціцкі, прадстаўнік габрэйскага кам'юніці ў Польшчы Міхаіл Шудрых, прадстаўнік Еўрапарламенту Рафал Тжаскоўскі, спецыяліст па ежы Оля Лазар, вандроўнікі (Брайан Барнэт правёў 9 месяцаў у Антарктыдзе, а Ганна Ліхота пакарыла самыя высокія горныя пікі на кожным кантыненце). Таксама былі музыкі.

Напрыканцы гэтага "марафона натхнення" ўсе сабраліся на афтэрпаці ў адным з бараў гораду. У якасці забавы былі… эксперыменты з азотам! 

Вось тут афіцыйны сайт TEDxWarsaw, а тут — сайт TED, там можна паглядзець токі на абсалютна любую тэму з субтытрамі на 28 мовах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі