Сведкі гатовыя заступіцца за падпалкоўніка Казлова ў судзе

Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў знайшоў сведкаў свайго затрымання вечарам 19 снежня мінулага года. Людзі адгукнуліся на яго зварот праз незалежныя СМІ. Яны гатовыя ў судзе пацвердзіць абгрунтаванасць прэтэнзій Казлова як да супрацоўнікаў у цывільным, якія яго затрымлівалі, так і да рашэння суда наконт арышту падпалкоўніка на 5 сутак.

Казлоў: "Яны патэлефанавалі, назвалі сябе. Чакаю зараз рэакцыі суда — яны мусяць паведаміць, калі будзе судовае паседжанне. Тое самае і наконт скаргаў у пракуратуру: яны пададзеныя на тых супрацоўнікаў, якія сфальсіфікавалі ўсё — ад першага да апошняга слова ў сваіх рапартах. Таксама чакаю рэакцыі, але пакуль няма ніякай".

Нагадаем, Мікалая Казлова затрымалі 19 снежня ў Мінску на пераходзе ля ўніверсама “Цэнтральны”. Але ў міліцэйскім рапарце адзначана, што яго затрымалі ля Чырвонага касцёла за тое, што ён, нібыта, брудна лаяўся на адрас журналістаў і ўдзельнікаў несанкцыяванай акцыі. За гэта падпалкоўніка міліцыі асудзілі на 5 сутак арышту.

Пасля адбыцця пакарання Казлоў напісаў скаргу ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў у цывільным і заяву ў суд. Падпалкоўнік не верыць, што пакараюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія, па яго словах, сфальсіфікавалі пратакол яго затрымання, ні ў перагляд рашэння суда. Але, кажа Казлоў, і ў суддзі, і супрацоўнікаў пракуратуры мусіць быць выбар.

Верагодна, кажа Казлоў, суд можа адбыцца ўжо на наступным тыдні.

Фота: nv-online.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі