Сведка: “Адпусціць хлопца прасіў увесь аўтобус. Ён жа ўсё ўжо зразумеў!”

Еўрарадыё расшукала жанчыну, якая села ў 38-ы аўтобус за некалькі прыпынкаў да пачатку праверкі, што прывяла да стыхійнай бойкі паміж міліцыяй і мінакамі, якія імкнуліся вызваліць іх ахвяру. Менавіта гэтай жанчыне Алег (так завуць мужчыну, што заступіўся за хлопца, да якога чаплялася рэвізор) аддаў патрымаць свае рэчы — пакет і парасон — пакуль яго скручвалі два міліцыянты.

Сведка: “Я бачыла гэты канфлікт ад пачатку амаль да самага заканчэння. Я села ў аўтобус №38. Ля задніх дзвярэй стаяў міліцыянт, а праз некалькі прыпынкаў зайшла рэвізор. Я сядзела спінай па ходзе руху і бачыла яе і міліцыянта”.

Рэвізор паволі правярала квіткі. Падыйшла да аднаго хлопца — ён сказаў, што толькі зайшоў, і яму яна прадала квіток. Другога злавіла без квітка, і ён пачаў плаціць штраф, але ў кашальку знайшоў толькі 4 тысячы.

Сведка: “І кажа: “Астатнія на банкаўскай картцы”. Гэта быў не той хлопец, праз якога пачаўся канфлікт. Рэвізор сказала яму выходзіць. Яна паводзіла сябе вельмі ўпэўнена: захачу — пакараю, захачу — дарую. Такое ў мяне ўзнікла адчуванне. Але пакуль што яна паводзіла сябе карэктна”.

Рэвізор падыйшла да сярэдніх дзвярэй. Менавіта там сядзеў хлопец, вакол якога пачаўся канфлікт.

Сведка: “Хлопец, з-за якога ўсё распалілася, паводзіў сябе вельмі карэктна. Яго голас было ледзь чуваць. Затое я чула, як рэвізор амаль адразу пачала пагражаць хлопцу міліцыянтам. Пасля я чую, ён кажа: “Аддайце мне мой талон!” — а яна адказвае: “Вы талон прабілі пасля таго, як а падыйшла да вас. Плаціце штраф, ці пазаву міліцыянта”.

Але хлопец, які ўжо прабіў талон, яшчэ і штраф заплаціць быў нязгодны.

Сведка: “Тады рэвізор кажа: “Так вы не разумееце? Добра!” Яна паклікала міліцыянта і пачала распавядаць яму пра тое, што падыйшла, а пасля ў хлопца аднекуль з’явіўся талон, якога не было адразу. Міліцыянт адказаў, што будзем на прыпынку выклікаць міліцыю, і павязем яго ў аддзяленне”.

Так аўтобус праехаў некалькі прыпынкаў. Абстаноўка накалялася.

Сведка: “Адна з жанчынаў не вытрымала і кажа: “Слухайце, ну не трэба хлопца цягнуць у міліцыю праз такое глупства! Хопіць ужо таго, што ён прабіў талон і ўсё зразумеў”. Але тыя ні ў якую: “Ты хлопец, выходзіш з намі” — і давай яго штурхаць. Тут ужо за хлопца заступіўся ўвесь аўтобус. І ўсе казалі: “Адпусціце хлопца! Няма сэнсу выклікаць міліцыю, складаць пратакол і некуды ехаць!” І тады з’явіўся Алег”.

Відэа пра тое, як два міліцыянты прыжымаюць тварам да зямлі чалавека ў бардовай кашулі, 25 траўня абляцела байнэт. Гэты мужчына і ёсць той самы Алег, які пачаў актыўна абараняць хлопца.

Сведка: “Ён пачаў вельмі настойліва абараняць хлопца: “Хлопец, я табе кажу, ідзі хутчэй!” Але міліцыянт таго трымаў. Тут адкрываюцца дзверы, усе выходзяць. Алег кажа: “Сыходзь, бо іначай у аддзяленне павязуць”. Я іх увесь час угаворвала, спачатку міліцыянта, пасля кандуктарку. Казала: “Не трэба заганяць сітуацыю ў кут. Хлопец усё зразумеў. Ёсць сэнс адпусціць яго, і ўсё будзе добра!” Усе людзі казалі: “Мы будзем сведкамі, што у хлопца быў талон”. А міліцыянт кажа “Я таксама буду сведкам”. Але ён стаяў ля задніх дзвярэй, адкуль ён мог бачыць? А ўсе бачылі, што талон быў! І ўсе былі вельмі аднадушныя”.

Але рэвізор пайшла на прынцып:

Сведка: “Яна ўвесь час крычала “Не чапайце мяне!” А Алег тады кажа: “Хлопец, на раз-два-тры збягай! Толькі гэта засталося, іначай забяруць цябе!” І, сапраўды, так і атрымалася!!! Хлопец збег, міліцыянт не змог яго ўтрымаць, але цяпер моцна ўчапіўся ў куртку Алега. Алег не выкарыстоўваў сілу — проста спрабаваў выкруціцца. Але міліцыянт трымаў яго. І ўсе за гэтым назіралі”.

Да канфлікту далучыўся другі міліцыянт. Што адбылося далей — лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць: глядзіце відэа на сайце “Еўрарадыё”. Але нашая сведка падзялілася яшчэ адным, вельмі красамоўным назіраннем:

Сведка: “Яшчэ раней, калі толькі-толькі збег гэты хлопец, я пачула, як міліцыянт сказаў Алегу: “Ну ўсё, дарагі, на тэрмін зняволення ты сабе зарабіў. Гэта было яшчэ да бойкі”.

Так што наўрад ці мужчыну, якога пасля таго, як ён заступіўся за пасажыра ў аўтобусе, збілі і адвезлі ў Цэнтральнае РУЎС Мінска, пакінуць у спакоі.

Сведка: “Я б не сказала, што Алег парушаў закон. Ён проста заступаўся за хлопца”.

Жанчына, з якой паразмаўляла Еўрарадыё, гатовая засведчыць тое, што яна распавяла нам, у судзе.

Фота: TUT.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі