Студэнтаў на платнае навучанне больш не перавядуць

111221 Martin Studenty.mp3

За навучанне на Міжнародных адносінах у БДУ трэба плаціць 9 мільёнаў у год. Але, як даведалася Еўрарадыё, аплаты можна пазбегнуць, калі перайсці на бюджэт і працягнуць вучобу за кошт дзяржавы.

“Студэнты мусяць да верасня напісаць заяву, калі яны хочуць перайсці на бюджэт. 75% адзнакаў мусіць быць 9, 10. Астатнія — не ніжэй за 7”, — агучваюць у БДУ ўмовы пераводу на бюджэт.

Добра, значыць трэба батаніць. Але гэта яшчэ не ўсё. Прыйдзецца займацца грамадскай працай — у БРСМ ці старастай групы, мець надрукаваныя навуковыя артыкулы.

Але і гэтага можа быць недастаткова. Студэнта перавядуць, толькі калі на факультэце ёсць вольныя месцы: кагосьці адлічылі ці недабралі. Як даведалася Еўрарадыё, у БДУІР штогод пераводзіцца каля 30 чалавек, у БНТУ — каля 60.

Альбо можна паступаць нанава разам з абітурыентамі.

Некаторыя студэнты перапаступаюць. Напрыклад, платнік заканчвае першы курс, потым здае з усімі абітурыентамі тэставанне і праходзіць на першы курс, — прыгадваюць у БДУ. — Але яму няма сэнсу ісці на першы курс. Таму мы ідзем насустрач, пераводзім на другі курс. Памятаю, была дзяўчына — год адвучылася на платным, потым перапаступіла, пайшла на другі курс”.


У Полацкім дзяржаўным універсітэце штогод на бюджэт пераводзіцца 7-10 студэнтаў. Перапаступаюць адзін ці два.

Студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Лізавета Коўцяк напісала заяву на перавод з платнага на бюджэт да верасня. Дзяўчына мела добрыя адзнакі. Але перавялі не адразу.

“У мяне былі балы 9-10 на 100%. І тут адбыўся кур’ёз. Дзяўчыну, у якой паказчыкі былі ніжэй, перавялі, а мяне — не. Тады я звярнулася ў дэканат і там усё ўладкавалі”, — узгадвае дзяўчына.

Цяпер ёй давядзецца два гады адпрацоўваць па размеркаванні. Але яе гэта не пужае. Маўляў, на яе факультэце нядрэннае размеркаванне.

Затое, як даведалася Еўрарадыё, перавесціся на платнае цяпер нельга. Гэта забараняе Кодэкс аб адукацыі. Дагэтуль перавод на платнае ці завочнае мог уратаваць ад размеркавання.

“Было такое, не спрачаюся, было. Каб пазбегнуць прымусовай працы пасля навучання. Цяпер на платнае не пераводзім, наогул не пераводзім. На завочнае пераводзім, але на бюджэтнае. Бо разумеем прычыну такога пераводу”, — гавораць у БДУ.

Была такая мажлівасць пазбегнуць размеркавання — паступіць пасля пяці курсаў у магістратуру, але з прыняццем Кодэксу пасля магістратуры ўсё адно трэба адпрацоўваць. Таксама не выйсце.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі