Студэнтам няма жылля, бо інтэрнаты рамантуюць да чэмпіянату свету па хакеі?

120828 Martynovi4 Ob64agi.mp3

Ля шостага інтэрната Беларускага эканамічнага ўніверсітэта за чатыры дні да заняткаў ажыятаж. Ідзе засяленне. Студэнты з бацькамі цягаюць торбы.

“З васьмю баламі можна атрымаць інтэрнат, трэба вучыцца. Тут умовы нядрэнныя — блок, можна жыць”, — расказвае мне студэнтка другога курса БДЭУ Паліна.

У блоку жыве пяць студэнтаў: трое ў адным, двое ў іншым пакоі. На ўсіх — прыбіральня і душ, адна кухня на этаж. Койка-месца тут каштуе 80 тысяч на месяц.

Пакой на два ложкі ў інтэрнаце БДЭУ

Па падліках Еўрарадыё, здымаць аднапакаёвую кватэру у 25 разоў даражэй.

“Мне пакуль падабаецца, прыемны персанал у інтэрнаце, вось толькі засялілася”, — кажа студэнтка факультэта менеджменту БДЭУ Ірына. Саму яе засялілі, бо — актывістка прафсаюза.

Але ў наступным годзе гэты інтэрнат зачыняюць на рамонт да Чэмпіянату свету па хакеі. Такі ж інтэрнат па суседстве ўжо рэканструююць. Такім чынам, на два гады у студэнтаў “замарозілі” 600 месцаў!

Інтэрнаты БДЭУ: у шэрым будынку рамонт, у чырвоным - жывуць студэнты.

Сёлета універсітэт заселіць толькі траціну студэнтаў, — пацвярджаюць у ВНУ, але і радуюцца, што змогуць “чэмпіянат правесці, і інтэрнаты адрамантаваць”.

“Мінадукацыі далі грошы, каб адрамантаваць інтэрнаты да... чэмпіянату па хакеі. Гэта і паляпшае ўмовы для студэнтаў пасля чэмпіянату. Што гэта будзе гасцініцы, ці хостэлы, пакуль не вядома”, — расказваюць нам у БДЭУ.

Пакуль не ведаюць дакладна, дзе будуць жыць студэнты падчас чэмпіянату.

У інтэрнаты Лінгвістычнага ўніверсітэта заселяць толькі 27% студэнтаў. Калі падсяліць у трохмесны пакой чацвёртага, дацягнуць да траціны заселеных іншагародніх.

“Учора ў дэканаце студэнты казалі, што з першага курса стаяць у чарзе на інтэрнат. Ужо давучыліся да трэцяга. Найперш даюць таму, у каго льготы ёсць”, — расказвае студэнт МДЛУ Раман.

На першым курсе яму пашчасціла пажыць у інтэрнаце, а цяпер месцаў няма.

У БДТУ збіраюцца засяліць 60% студэнтаў. І тут пяць паверхаў аднаго з інтэрнатаў закрыюць на рэстаўрацыю пад... чэмпіянат па хакеі.

“Два інтэрнаты задзейнічаюць пад чэмпіянат па хакеі. Пяць паверхаў у адным з інтэрнатаў не засяляецца сёлета. Гэта 400 месцаў”, — расказваюць у БДТУ.

У галоўнай ВНУ краіны — БДУ абяцаюць засяліць палову іншагародніх студэнтаў. Чацвёртая частка месцаў — для першакурснікаў.

Душ у інтэрнаце БДЭУ

Прыбіральня ў інтэрнаце БДЭУ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі