Сцяг над Домам урада вытрымлівае не больш за месяц

У інтэрнэце з’явіўся здымак Дому ўрада з парваным на палосы дзяржаўным сцягам. Аднак ужо на наступны дзень карэспандэнт Еўрарадыё пабачыў над будынкам цэлае палотнішча. “Заўхоз” парламента і Савета міністраў Філіп Высоцкі расказвае, што звычайна сцяг вытрымлівае месяц.

Фота з сайта ex-press.by

“У лепшым выпадку – тры, бывае, чатыры тыдні. Калі гэта добры сцяг. А калі вось такое надвор’е, як зараз, асабліва восенню, то можа разарваць і заўтра. Бываюць непрадказальныя сітуацыі”.

Вышыня Дому ўрада разам з флагштокам больш за 40 метраў. Там вецер што хочаш разарве. Цікавімся, ці не зробленыя такія сцягі з нейкай адмысловай тканіны.

120104 Pilecki Flag.mp3

“Усе стандартныя, аднолькавыя. Што на гарвыканкаме, што ў нас. Што на рэзідэнцыі, што на іншых будынках, дзе ёсць магчымасць павесіць. Ёсць пэўныя стандарты, нават закон “Аб дзяржаўных сімвалах”. Там усё напісана”.

Аказваецца, сцяг над Адміністрацыяй прэзідэнта і Домам урада прадаецца ў простых крамах, каштуе 133 тысячы рублёў, палотнішча памерам тры на паўтара метры.

У Цэнтральнай кнігарні Мінска кажуць, што сцягоў людзі набываюць шмат, а кошты не мяняюцца ўжо больш за год. Асабліва добра разлятаюцца сцягі напярэдадні футбольных матчаў.

У сталічнай фірме “Еврофлаг” распавядаюць, што дзяржава адпусціла кошты на сцягі, але ў крызіс усё адно набываюць меней.

“Рабіць мы сталі не менш. Мы робім. Але набываюць не так часта, як набывалі раней. На дзяржаўную сімволіку адзін час быў кошт фіксаваны. Ну а потым, калі кошты адпусцілі, дазволілі. Але каб лепш набывалі, кошты меншыя на дзяржаўныя сцягі, чым на іншыя”.

Друкаваны сцяг з атласу, які выкарыстоўваецца падчас афіцыйных пампезных прыёмаў, каштуе прыкладна паўтара мільёны. Таму на дахах вывешваюцца больш танныя і менш якасныя варыянты.

“Калі для вуліцы, то звычайна набываюць сцягі таннейшыя. Калі для ўнутраных памяшканняў і ўсякіх мерапрыемстваў, то такія вось дарагія. Вулічныя сцягі робяцца з падкладачнага шоўку, альбо трыкатажу. А для ўнутраных памяшканняў – з атласу”.

На прадпрыемстве “Еврофлаг” робяць таксама сцяжкі на “Мэрсэдэс” як у прэзідэнта. Тэарэтычна, замовіць на свой аўтамабіль нешта падобнае можа кожны ахвочы. Усяго 105 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі