Стаў вядомы парадак продажу білетаў на хатнія матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў

Як паведамляе сайт ФК БАТЭ, спачатку ў продаж патрапяць білетныя пакеты на тры гульні. У залежнасці ад катэгорыі іх кошт будзе складаць 200.000, 450.000 і 700.000 рублёў. Яны з'явяцца ў касах прыблізна за тры тыдні да хатняга паядынку БАТЭ з "Баварыяй" (матч прызначаны на 2 кастрычніка). Тады ж будзе апублікаваная падрабязная інфармацыя пра графік працы білетных касаў у Мінску і Барысаве.

Як і паведамлялася раней, прыярытэт пры набыцці білетных пакетаў на матчы групавога этапа Лігі чэмпіёнаў атрымаюць уладальнікі сезонных абанементаў на хатнія матчы БАТЭ, сябры Клуба заўзятараў, а таксама тыя, хто наведаў на стадыёне "Дынама" матч плэй-оф з ізраільскім "Хапаэлем" і захаваў білет.

ФК БАТЭ паведамляе, што адзінкавыя квіткі на матч з "Баварыяй" будуць прадавацца не раней чым за адзін дзень да дня яго правядзення. Іх кошт будзе вагацца ад 80 тысяч да 300 тысяч рублёў. А вось на хатнія матчы з "Валенсіяй" (23 кастрычніка) і "Лілем" (20 лістапада) — ад 60 тысяч да 200 тысяч рублёў.

Адзначым, што хатнія паядынкі БАТЭ з "Баварыяй" і "Валенсіяй" пачнуцца ў 21.45, а вось час пачатку сустрэчы з "Лілем" пакуль невядомы, ён залежыць ад пераходу Беларусі на зімовы час. Калі ён адбудзецца, матч пачнецца таксама ў 21.45. У адваротным выпадку — у 20.00.

Фота — fcbate.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі