Спецназ выставіў рахунак пратэстоўцам з “Брузгоў”
Ад людзей, якія перакрылі беларуска-польскі памежны пераход 11 чэрвеня, патрабуюць аплаціць паслугі спецназу і кампенсацыю мытні.
Амаль месяц таму людзі зладзілі ў “Брузгах” стыхійную акцыю пратэсту ў знак нязгоды з увядзеннем абмежаванняў на вываз паліва з Беларусі. Цяпер асуджаным удзельнікам акцыі супрацоўнікі міліцыі накіравалі адмысловыя плацёжныя патрабаванні. У выпадку іх невыканання абяцаюць спагнаць грошы судовым парадкам.
За ўдзел у акцыі, якую, дарэчы, спецназ жорстка разагнаў, памежных гандляроў ужо штрафавалі. Цяпер ад іх патрабуюць яшчэ і вяртання матэрыяльнай страты, нібыта за выклік спецназу.
Аплачваць паслугі спецназаўцаў аўтааматары пакуль не спяшаюцца і заяўляюць, што збіраюцца звярнуцца ў гэтай справе ў абласны суд, перадае Радыё Рацыя.