Скульптуру Айбаліта ў Віцебску выставілі толькі на адзін дзень

Доктара Айбаліта каля Віцебскай ветэрынарнай акадэміі ўсталявалі 5 лістапада. Адкрыццё скульптурнай кампазіцыі адбылося ўрачыста. Праўда, людзі падчас адкрыцця былі здзіўленыя: навошта каля добрага доктара паклалі жалобныя вянкі? Стужачак са спачуваннямі не было, але ўсё ж такі… Як высветлілася, жалоба была дарэчнай — увечары Айбаліт знік.

Грамадскасць занепакоілася: мо, скралі бронзавага Айбаліта “бізнесмены”, ахвочыя да каляровых металаў? Але ўсё насамрэч аказалася проста: Айбаліт недароблены. У акадэміі вырашылі адкрыць кампазіцыю, бо святкавалі дні гэтай навучальнай установы, было шмат гасцей, у тым ліку і замежных — з Расіі, Казахстану. Кіраўніцтва ВНУ дужа хацела паказаць ім Айбаліта. А калі госці з’ехалі, то і добрага доктара прыбралі на склад. Кажуць, што ўвесну ўсталююць па-сапраўднаму — на прыгожым пастаменце. Але ўжо без ўрачыстасцяў, ціха.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі