Скарочаных чыноўнікаў накіруюць… у калгасы?

130424_savich_4inu6y.mp3

У Пасланні да народа прэзідэнт называе канкрэтную лічбу, колькі чыноўнікаў будзе скарочана:

"У нас ёсць рэзерв, каб скараціцца. У гэтай сувязі я падпісаў указ, які прадугледжвае скарачэнне колькасці дзяржслужачых на 25%, ці на 13 617 адзінак”.


 Але пакуль прэзідэнт называе канкрэтныя лічбы да аднаго чалавека, у Жабінкаўскім райвыканкаме нават сёння не ведаюць, каму прыйдзецца пакінуць месца. Кажуць, што вобласць не давяла лічбаў. Бюракратыя на месцах!

“Абсалютна нічога. Мы чакаем распараджэння з аблвыканкама. А што як так, у нас яшчэ час ёсць”, — супакойваюць самі сябе ў Жабінкаўскім райвыканкаме. Але ўжо рыхтуюць падушку бяспекі — прагназуюць, дзе будуць скарочаныя кадры працаваць. Аказваецца, на камбінаце па вытворчасці цукру і камбікормаў, а таксама… у калгасах.

“Вядома, ёсць у нас прадпрыемствы: і цукровы, і камбікормавы заводы, і на сяле не хапае людзей”, — кажуць у Жабінцы. Дык вось як вырашаць кадравую праблему ў вёсцы — за кошт скарочаных чыноўнікаў. Даўно трэба было!

Брэсцкі аблвыканкам дакладна называе лічбы па аблвыканкаме — 180 чалавек:

“У нас лічба даведзена да аблвыканкама. Гэта 180 чалавек. Гэта складае 30% ад існуючай колькасці працаўнікоў аблвыканкама, уключаючы кіроўцаў і сакратарак”.

Еўрарадыё: А хіба кіроўцы і сакратары — дзяржслужачыя?

Брэсцкі аблвыканкам: "Не, але яны ў ліміце. Да нас даводзіцца колькасць, таму можна браць кіроўцу ці дзяржслужачага на гэтую колькасць — каго трэба... Скарачэнне не будзе датычыцца шматдзетных маці, высокакваліфікаваных супрацоўнікаў і гэтак далей. Гэта будзе вырашаць працадаўца: хто яму болей патрэбны на дадзеным этапе".

Еўрарадыё: Дык, можа, вашыя супрацоўнікі ўжо пачалі барацьбу за месца пад сонцам?

Брэсцкі аблвыканкам: "Чыноўніцкая праца такая, што вельмі цяжка вымераць іх кваліфікацыю. Ёсць паказальнікі — клас дзяржслужачага, першай катэгорыі ці другой. Але ж гэта не на заводзе, тут жа не вымераеш кваліфікацыю ў колькасці выпушчаных папер... Але я б сказаў, што наша вобласць і так працуе добрасумленна”.

У Брэсцкім аблвыканкаме дадаюць, што абласных чыноўнікаў скароцяць на 30%, райвыканкамаўскіх і гарвыканкамаўскіх — на 15%. Нескладана падлічыць, што, да прыкладу, у Баранавіцкім гарвыканкаме з 146 чыноўнікаў партфелі здадуць прыкладна 22 супрацоўнікі.

Прыкладна 30% збіраюцца скараціць і ў Віцебскім аблвыканкаме. Як даведалася Еўрарадыё, тут нават пачалі складаць спісы!

“Яшчэ складаецца спіс людзей, якія падпадуць пад скарачэнне. Будзем прасіць прадпрыемствы, каб узялі на працу, у тым ліку ў сельскую гаспадарку”, — плануюць у аблвыканкаме.

Але калі аблвыканкамы ведаюць пра колькасць чыноўнікаў, якіх скароцяць, дык міністэрствы пакуль што “адмоўчваюцца” агульнымі фразамі.

Прыкладам чыноўнікам можа быць абноўленае Міністэрства энергетыкі. Ва ўстанове кажуць, што выканаюць любое рашэнне прэзідэнта:

“Мы маладое міністэрства, калі прэзідэнт сказаў, значыць будзе. Мы рашэнні не абмяркоўваем — мы іх выконваем”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі