“Шары на твары прэзідэнта не надаюць яму папулярнасці”

“Патлумачце мне, а галоўнае — суду, дзе ў гэтым друкаваным выданні заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці і прапаганда экстрэмісцкай дзейнасці?”

“Ну… Дадзены фотаальбом у скажоным выглядзе і крыху неадпаведна з рэчаіснасцю адлюстроўвае жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь. У палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах”.

“Гэта прадугледжвае крымінальную адказнасць?”

“Альбом нясе негатыў”

“Гэта парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь?”

У адказ маўчанне…. Вось у такім стылі адвакат Аляксандр Бірылаў спрабуе высветліць на судзе ў супрацоўніцы КДБ Наталлі Скурат, што ж такога страшнага яе ведамства бачыць у фотаальбоме “Прэс Фота Беларусі 2011”.

“Чэкістка” пачуваецца на працэсе няёмка. Разгубленую націскам адваката жанчыну як можа супакойвае суддзя Давыдаў. “Вы, напэўна, трошкі не сутыкаліся з такімі працэсамі”, — падобнымі фразамі ён апраўдвае маўчанне з боку прадстаўніка КДБ.

Галоўнага ідэолага Гродзенскай вобласці Паўла Скрабко падтрымліваць не трэба. Ён, напрыклад, адразу тлумачыць усе хібы фотаздымка, дзе на вялікім экране ў мінскім клубе ў атачэнні святочных цацак адлюстраваная трансляцыя навагодняга звароту Лукашэнкі да беларусаў: “Шары на твары прэзідэнта не надаюць яму папулярнасці”.

Павел Скрабко самастойна склікаў экспертную камісію па ацэнцы “экстрэмісцкасці” фотаздымкаў з альбома.

“Некаторых я сам ведаў. Таго ж Хілюту… Некаторых мне ва універсітэце парэкамендавалі. Я выйшаў на людзей і прапанаваў ім зрабіць такое заключэнне”, — расказвае ён на судзе.

У камісію насамрэч увайшлі супрацоўнікі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Праўда, Скрабко так і не змог сказаць адвакатам, якая адукацыя ў старшага выкладчыка кафедры дызайну Аляксандра Бондара.

“Кожны паглядзеў свае здымкі, кнігу. Потым была прапанова разам сустрэцца і напісаць агульную даведку. Калі з’явіўся агульны тэкст, тады і нарадзілася гэтае заключэнне”, — расказвае Скрабко пра вынясенне дыягназу фотаальбому.

Чаму ў камісію не ўвайшлі журналісты, рэдактары і фотарэпарцёры, ідэолаг не ведае. Не ведае таксама, чаму некалькі супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта могуць вырашыць, што некаторыя фота “абражаюць нацыянальны гонар беларускага народа”.

Праўда, не ўсе вераць у апісаную Паўлам Скрабко схему. Андрэй Пачобут прыехаў на суд у Ашмяны ў якасці журналіста і добра знаёмы з працай гродзенскага ідэолага. Два гады таму ён уваходзіў у камісію, якая шукала абразы Лукашэнкі ў артыкулах Пачобута. Журналіст кажа, што некаторыя фразы з заключэння па “экстрэмісцкім фотаздымкам” паўтараюць экспертызу яго тэкстаў.

“Скрабко рабіў экспертызу па маёй справе. І там (у экспертызе альбома “прэс Фота Беларусі 2011” — Еўрарадыё) ёсць моманты, якія слова ў слова паўтараюць высновы па маёй справе. У прыватнасці, гэта моманты, якія тычацца дзеянняў міліцыі”.

Пачобут летам 2011 года выйшаў на свабоду з СІЗА. Альбомам   пашанцавала менш. Ашмянскі суд пагадзіўся з тым, што яны няправільна адлюстроўваюць “жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь” і прызнаў экстрэмісцкімі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі