Серыял “Вышэй за неба” ці кіно Андрэя Курэйчыка: хто круцейшы?

120611 Svjardlou Neba.mp3

“Версія фільма, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, створаная на падставе незаконна прысвоеных матэрыялаў і не адпавядае зацверджанаму сцэнарыю. Сп. Курэйчык не меў права капіяваць і неяк выкарыстоўцаць адзняты матэрыял, і парушыў гэтым правы інтэлектуальнай уласнасці ПРААН”, ― з уласцівай ААН афіцыйнасцю паведамляюць Еўрарадыё.

Яшчэ адна бяда: фільм цалкам зліў сюжэт серыяла. Мікіта ― малады рок-музыка, у якога знаходзяць ВІЧ. Ад яго адразу ж адварочваюцца сябры, аднакурснікі і дзяўчына. Спрабуючы справіцца з дэпрэсіяй, ён трапляе ў наркапрытон. Там з Мікітам робяць некалькі фотаздымкаў, якія кампраметуюць яго бацьку ― палкоўніка міліцыі. Але бацькі, не зважаючы ні на што, падтрымліваюць хлопца. Разабраўшыся, што да чаго, вяртаюцца сябры. Напрыканцы фільма Курэйчыка новы гурт хлопца перамагае на рок-фэсце. У Мікіты з’яўляецца новая дзяўчына, якая не баіцца яго страшнага дыягназу.

“З’яўленне паўнамятражкі на Youtube ― не праблема, ― лічыць старшыня Экспертнага савета па ВІЧ/СНІД у Беларусі Сяргей Кручынін. ― Па-першае, гэта ёсць таксама і піярам серыяла, над якім мы працуем. Па-другое… так, самая прасунутая моладзь паглядзела кіно Курэйчыка. Але гэтым жа самым прасунутым гледачам будзе цікава параўнаць яго з серыялам! І наступнае. Я ўпэўнены, што фільм збярэ на Youtube не такую ўжо вялікую аўдыторыю. Інтэрнэт ― на жаль, ці на шчасце, гэта пакуль што не “нашае ўсё”. Большасць мэтавай аўдыторыі фільма нават назвы такой пакуль што не чула ― “Вышэй за неба”.

Разбірацца ў юрыдычных акалічнасцях канфлікта паміж Курэйчыкам і ПРААН ужо не стае моцы. Еўрарадыё вырашыла параўнаць паўнаметражку з нядаўна змантаванай першай серыяй “Вышэй за неба”, якую карэспандэнт Еўрарадыё ў ліку 10 шчасліўчыкаў пабачыў на праглядзе для фокус-групы, зладжаным ПРААН.

Першая серыя “Вышэй за неба” падалася нам вельмі добра змантаванай. Колеры вясновыя, жывыя, прыемныя воку. Нібыта здымалі не ў Беларусі, хаця навокал ― добра знаёмы цэнтр Мінска. І гэта блізкасць месца дзеяння выклікае чароўныя адчуванні! Грошай не пашкадавалі нават на модныя зараз цэйтраферныя здымкі горада, калі рух перадаецца тысячамі асобных фотаздымкаў.

Усяго гэтага ў фільме Андрэя Курэйчыка няма. “Вышэй за неба. Кіно” хутчэй не змантаванае, а “нарэзанае”. Гледачы скардзяцца, што праз гадзіну прагляда пачынаюць балець вочы. Але прызнаюць: кіно “чапляе”.

― Мікіта. Яго асоба, што яшчэ пра яго можна сказаць. Якія эмоцыі ён выклікае? ― пытаюцца ў нас пра галоўнага героя пасля таго, як мы паглядзелі першую серыю.

― Ён вельмі шмат усміхаецца. І проста прымушае ўсміхацца ў адказ, я злавіла сябе на гэтым. Хлопец вельмі харызматычны, гэта адчуваецца! Калі глядзіш, хочацца шмат калі зрэагаваць дакладна так жа, як і ён! ― адказвае ўдзельніца фокус-групы Ксенія.

Да Яны ― першай дзяўчыны Мікіты ― у фокус-групы стаўленне супрацьлеглае:

“Яна гэтая… Як толькі яна ў фільме з’явілася, адразу пайшоў такі негатыўчык. Адразу складваецца ўяўленне, што яны не пара… Ты глядзіш, і такое ўражанне, што ў фільме будзе такі сюжэт, што яны разам не будуць”, ― мяркуе Арцём, яшчэ адзін з першых гледачоў серыяла “Вышэй за неба”.

Але Арцёма чакае сюрпрыз ― адносіны Мікіты і Яны будуць нашмат больш цікавымі, чым “пагулялася і кінула”. Выснова: у стваральнікаў серыяла атрымалася заварыць крутую і непрадказальную кашу з характараў.

Але некаторыя сюжэтныя павароты фокус-група папросту не зразумела. Напрыклад, людзі, не абазнаныя дэталямі ВІЧ/СНІД, падумалі, што Мікіта падхапіў хваробу… калі здаваў кроў!

“Што да мяне ― гэты фільм не асабліва актуальны, бо маё асяроддзе з такімі праблемамі, дзякаваць Богу, не сутыкаецца. Мяне фільм падштурхнуў хутчэй пазбягаць станцый пералівання крыві, і ўвогуле здачы крыві, ― кажа Саша, яшчэ адзін чалавек з фокус-групы. ― Гэта ж відавочная пагроза! Нам паказалі, што ёсць шанцы заразіцца!”

Як Мікіта трапіў на донарскі пункт, вы даведаецеся з серыяла. Дарэчы, з фільма Андрэя Курэйчыка гэтага зразумець нельга. Крыху скамячанымі там выглядаюць і бацькі Мікіты ― шараговыя беларусы, настаўніца і міліцыянт. У 2-гадзінным фільме пакінуць вялікія дыялогі паміж імі немагчыма. У серыяле вобразы бацькоў Мікіты атрымаюцца нашмат больш аб’ёмнымі.

Цытата з серыяла:

― Света, я табе яшчэ не казаў… Нам заробак паднялі! ― кажа міліцыянт.

― Вам ― паднялі… ― адказвае настаўніца.

― Ну не ўсім жа адразу. Будзе стабільнасць ― будзе і ўсё астатняе… А па ўсім свеце бардак! Мікіта! Я ўжо пагутарыў там… Можа, перавядзешся ў Акадэмію міліцыі?

― Дзякуй, тата.

― Падумай!

― Ты лепш на гэта паглядзі! ― перабівае жонка.

― Што гэта?

― Выпіска па крэдыце. На працэнты глядзі…

Па выніках фокус-групы першую серыю “Вышэй за неба” крыху перамантуюць. Прэс-паказ серыяла адбудзецца ў пятніцу, 15 чэрвеня. І ўжо тады параўнаць яго з фільмам зможа кожны ахвочы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі