Сапраўдны Дзень волі – калі Пушкін на асле, а кіраўнік краіны на мітынгу

Першы раз Дзень волі ў Беларусі адзначылі ў 1919 годзе. Праз год пасля прыняцця гістарычнага акта 25 сакавіка 1918 года аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Свята праходзіла ў Гродне, бо ў Мінску ў той час панавалі бальшавікі. У Мінску ж Дзень волі ўпершыню адсвяткавалі ў 1920 годзе, за часамі польскай улады.

У савецкія часы Дзень волі пачалі святкаваць у 1980-я гады. Адзначалі напаўпадпольна: у лесе, у мастацкіх майстэрнях.

"Адзначалі выездамі кудысьці ў лес, сустрэчамі ў мастацкіх майстэрнях, – прыгадвае Вінцук Вячорка. Мастакі ладзілі выставы, прысвечаныя Дню незалежнасці 25 сакавіка. Выдаваліся падручнымі сродкамі паштоўкі. Трэба прыгадаць, што ў 1984 годзе над Оперным тэатрам адна дзяўчына ўзняла бел-чырвона-белы сцяг, які правісеў там цэлы дзень".

Першай вулічнай акцыяй на Дзень волі стаў перформанс Алеся Пушкіна ў 1989 годзе, які адбыўся ў Мінску. Будучы студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута ён зладзіў выставу карцін у стылі сацарт, якія яму не дазволілі вывесіць ў інстытуце. Неўзабаве выстава перарасла ў мітынг.

Алесь Пушкін. Дзень Волі 1989 году.

"Гэта было 25-га апоўдні. Я падрыхтаваў 12 плакатаў. І ўпершыню іх выставіў. Я выйшаў на вуліцу абвешаны плакатамі і яшчэ сябры, каля 200 студэнтаў. Мы рушылі да ГУМу па праспекце. Быў затрыманы і прыгавораны да 2 гадоў умоўнага пазбаўлення волі. Але быў такі дэмакратычны час, што я скончыў інстытут, адбываў пакаранне і вучыўся на 4 і 5 курсах", – усміхаецца мастак.

Суд над Алесем Пушкіным пасля Дня волі 1989 году.

У 1990 годзе на Дзень волі сабралася ўжо некалькі соцень чалавек. Праз год Алесь Пушкін праехаўся па Віцебску... на асле.

У 1993-м свята прайшло на высокім узроўні: у будынку філармоніі, дзе ўсіх павіншаваў тагачасны кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады БНР Язэп Сажыч. Гэтае святкаванне палітык Віктар Івашкевіч называе самым удалым.

Івашкевіч: "Самы лепшы быў, калі ён праходзіў у філармоніі. І кіраўнік Беларускай дзяржавы Шушкевіч выступаў і гэта было афіцыйнае дзяржаўнае мерапрыемства".


1993

1994

Апошні спакойны Дзень волі адбыўся ў 1995 годзе. Тады мітынгоўцы бесперашкодна прайшлі ад плошчы Перамогі да Опернага тэатра.

Дзень волі 1995 году.


Ужо ў 1996 годзе Дзень волі скончыўся разгонам і затрыманнямі, прыгадвае Юры Хадыка.

Хадыка: "Вясной 1996-га буйныя акцыі пратэсту пачаліся акурат са святкавання Дня волі 25 сакавіка".

Той мітынг сабраў ад 30 да 50 тысяч удзельнікаў. Тады ж адбыліся першыя сутычкі мітынгоўцаў са спецназам і няўдалая спроба прарвацца ў тэлецэнтр.

Дзень волі 1996.

У 1998 на Дзень волі прайшоў марш ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатра, дзе адбыўся мітынг.

Дзень волі 1998 году

У сакавіку 1999 года дэмакратычная супольнасць была занятая альтэрнатыўнымі прэзідэнцкімі выбарамі, таму самым яскравым стаў учынак легендарнага Мірона, які вывесіў сцяг на шматпавярховіку.

У 2000 годзе на фоне перамоў паміж апазіцыяй і ўладамі напружанасць дасягнула максімуму, адзначае Юры Хадыка. На вуліцах Мінска тады з'явілася вайсковая тэхніка.

Хадыка: "Тады назіраўся ўздым пратэстных акцый. Пасля гэтага мітынгу былі збітыя людзі, бо частка людзей пайшла ад Опернага тэатра да расійскай амбасады. Гэта было вельмі жорсткае падаўленне акцыі".

 Дзень волі 2000


У 2001 годзе Дзень волі пачаўся на Юбілейнай плошчы. Пасля дэманстранты рушылі да стэлы "Горад-герой", дзе адбыўся мітынг. Праз год свята ўтварэння БНР святкавалі ў скверы Янкі Купалы. Тут праходзіў канцэрт гуртоў "НРМ", "Уліс" ды іншых выканаўцаў. Не абышлося і без затрыманняў.
 

Дзень волі 2001.

У 2003 годзе на Дзень волі адбылося дзве акцыі. Адну зладзілі прадстаўнікі КХП БНФ ля Паштампта 23 сакавіка. Сваю акцыю зладзіла і БНФ "Адраджэнне" непасрэдна ў дзень свята. Лідары імкнуліся ўскласці кветкі да помніку Янкі Купалы. Але гэта не атрымалася. Удзельнікаў акцыі разагнаў АМАП.


Дзень волі 2003 году.


У 2005 на Дзень волі планавалася "рэвалюцыя Клімава". Прадпрымальнік Андрэй Клімаў разлічваў сабраць на Кастрычніцкай плошчы 500 тысяч чалавек. Але плошча аказалася перакрытай, а на тратуарах каля ўніверсама "Цэнтральны" сабралася толькі каля 2 тысяч. Дзясяткі ўдзельнікаў атрымалі суткі і штрафы, а Клімаў паўтара года "хіміі".

Дзень волі 2005 году.



Пасля прэзідэнціх выбараў у 2006 годзе Дзень волі скончыўся шматлікімі затрыманнямі. Спачатку мітынгоўцы спрабавалі патрапіць на Кастрычніцкую плошчу, пасля прайшлі да скверу Янкі Купалы, дзе адбыўся мітынг. Частка людзей вырашыла рушыць пад сцены турмы на Акрэсціна. Але калону спыніў АМАП, адбыўся жорсткі разгон. Пасля акцыі экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін трапіў у турму.

Дзень волі 2006.

Дзень волі 2006.


У 2007 годзе Дзень волі адбываўся ў некалькіх кропках: каля цырка, каля ГУМу і Акадэміі навук. Усе мітынгоўцы зрэшты дабраліся да плошчы ля Акадэміі, дзе адбыўся мітынг. Пасля невялікая калона вырашыла прайсці да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе адбываўся канцэрт, але была спыненая супрацоўнікамі міліцыі.



Дзень волі 2007.

Праз год акцыя на Дзень волі праходзіла каля Акадэміі навук. Але невялікія калоны дэманстрантаў сустракаліся па ўсім цэнтры горада. У выніку акцыі былі затрыманыя каля 100 чалавек.

Дзень волі 2008

Апошнія два гады святкаванне Дня волі праходзіла каля Акадэміі навук з дазволу уладаў і без затрыманняў.

Дзень волі 2009.

Дзень волі 2010.



Сёлета правесці свята дазволілі на плошчы Бангалор.

Фота: Асабісты архіў Алеся Пушкіна,  bymedia.netnashaziamlia.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі