Самыя цікавыя месцы з пасланняў Аляксандра Лукашэнкі

Заробкі

У 2004 годзе Аляксандр Лукашэнка абяцае беларусам заробак у 190-200 долараў, праз год — на $50 больш. У пасланні 2008 года кіраўнік краіны замахваецца ўжо на рэкордныя 700 долараў:

"Іншага шляху няма. На канец пяцігодкі нам трэба заробкі давесці, баюся казаць, але да 700 долараў. Нікуды не падзенемся. 500 долараў будзе мала. Трэба 700 долараў сярэдні заробак па краіне. Тады мы зможам утрымаць стабільнасць у нашым грамадстве".

За снежань 2010-га беларусы атрымалі ўсяго $500, якія прэзідэнт таксама паспеў паабяцаць. Стабільнасць таксама нібыта вярнулася. А вось заробкаў у 700 долараў дагэтуль няма

Захад

З 2004 па 2007 год Аляксандр Лукашэнка кажа ў пасланнях, што гатовы на дыялог з Захадам.

2004: "ёсць поўная гатовасць да падтрымання канструктыўных адносінаў";

2005: "мы гатовы да любога канструктыўнага супрацоўніцтва", "Беларусь зацікаўлена ва ўзнаўленні поўнамаштабнага дыялогу";

2006: "мы — за поўнафарматнае супрацоўніцтва з ЗША і Еўрапейскім саюзам";

2007: "для паўнавартаснага дыялога ёсць усе перадумовы".

Па амаль аднолькавых фармулёўках бачна, што дыялог не вельмі і развіваецца. У 2008 годзе Лукашэнка адыходзіць ад аднастайнай рыторыкі "ні аб чым" і робіцца больш пераканаўчым:

"Хачу звярнуцца да нашых заходніх партнёраў, еўрасаюзаўцаў і Злучаных штатаў Амерыкі. Я толькі хачу задаць вам адно пытанне. У вашых развагах заўжды заўважна, а я гэта, паверце, вельмі добра ведаю, — што вось Лукашэнка з Захадам заігрывае, Лукашэнка з Расіяй заігрывае, вось ён кажа, а не думае так. Назавіце хаця б адзін факт з майго прэзідэнцкага жыцця, калі я казаў адно, а рабіў іншае?"

Еўрасаюз часова адмяняе візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў і запускае "Усходняе партнёрства", якое кіраўнік Беларусі ўхваляе ў звароце 2009 года. А ў перадвыбарным пасланні 2010-га Лукашэнка дык і ўвогуле кажа пра "новы ўзровень" адносінаў з ЕС:

"Еўропа ўсвядоміла бесперспектыўнасць папярэдніх падыходаў да Беларусі. Дыктат і ціск саступае месца адкрытаму і прадметнаму дыялогу".

Усё псуюць прэзідэнцкія выбары. Еўропа крытыкуе "зачыстку" плошчы Незалежнасці і вяртае "чорныя спісы". У красавіку 2011-га Лукашэнка кажа, што чакае ад еўрапейцаў капітуляцыі:

"І мы сёння мусім быць гатовы да таго моманту, калі еўрапейцы публічна ці непублічна, фактычна прызнаўшы сваю няслушнасць у ціску на Беларусь, прыйдуць і скажуць: "Мы гатовы супрацоўнічаць".

Расія

У кожным пасланні Аляксандр Лукашэнка паўтарае пра важнасць для Беларусі "ўсходняга вектара" і ўдзелу ў Саюзнай дзяржаве. Выключэнне — пасланне 2010 года, калі Расія, карыстаючыся хуткімі выбарамі, спрабуе спекуляваць сваёй эканамічнай падтрымкай. Гэта відавочна крыўдзіць прэзідэнта. І ён супрацьпастаўляе Расію Еўропе:

"Мы выжылі ў гэтай "блакадзе", ва ўмовах фінансавага крызісу. І я сёння вымушаны дзякаваць не Расіі, роднай матулі, нашай роднай Расіі. А каму дзякаваць? У двукоссі бяру — "сваім ворагам: МВФ, Еўропе, Захаду. Яны нам гэтыя мільярды давалі, каб краіна выжыла. ЯНЫ нас падтрымалі".

Цікава, што год таму Лукашэнка адмаўляўся ад выбару паміж Расіяй і Захадам, які яму быццам бы навязваюць:

"Мы не ішлі і не пойдзем за тымі, хто настойліва пераконвае нас у непазбежнасці дылемы — Беларусь ці з Усходам (Расіяй), ці з Захадам (Еўропай). Наша задача — быць мостам паміж Усходам і Захадам".

Апазіцыя

У 2002 годзе Аляксандр Лукашэнка, раз'юшаны эканамічнымі санкцыямі з боку ЗША, называе апазіцыю "адмарозкамі". Далей унутраным праціўнікам улады дастаецца ў кожным пасланні.

У 2003-м спічрайтары прэзідэнта абвінавачваюць апазіцыю ў эксплуатацыі ў палітычных мэтах "лепшых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі".

2004 год — год парламенцкіх выбараў, і грамадскія актывісты шмат кажуць пра злоўжыванні адміністрацыйным рэсурсам. "Калі дзяржава задзейнічае адміністрацыйны рэсурс, у гэтым Парламенце, кажу вам адкрытым тэкстам, перад тварам усяго народа, у гэтым парламенце не будзе ніводнага апазіцыянера", — пярэчыць у пасланні Лукашэнка.

Ніводны апазіцыйны кандыдат у парламент не праходзіць.

У 2008-м апазіцыянеры — "вашывыя", у 2009-м — "ворагі народа", у 2010-м — "вякалы-эканамісты". І заўжды — "так званыя". У 2011 годзе слова "апазіцыя" сустракаецца ў пасланні радзей, на змену яму прыходзіць "пятая калона":

"Любую "пятую", "шостую", "дваццаць пятую калону" мы знішчым. І на гэта ў нас ёсць дастаткова рэсурсаў".

Якія неспадзяванкі чакаюць нас сёлета — даведаемся 19 красавіка. Што праўда, у 2012-м пасланне, таксама прызначанае на 19 красавіка, перанеслі амаль на 3 тыдні. Кажуць, Аляксандр Лукашэнка быў незадаволены тым, што спічрайтары напісалі пра прыватызацыю і адносіны з Еўропай, і прамову перапрацоўвалі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі