Рыэлтары: Грошы на беларускі рынак нерухомасці прывезлі расіяне

Днямі старшыня савета Беларускай асацыяцыі “Нерухомасць” Мікалай Прасталупаў заявіў, што кошт квадратнага метра на другасным рынку жылля ў Мінску мусіць быць роўны 3 сярэднім заробкам. Маўляў, такая заканамернасць трымалася ў сталіцы Беларусі заўжды, за выключэннем кароткачасовых адхіленняў. Сп. Прасталупаў кажа, што на рубеж у 750 – 800 долараў квадратны метр жылля ў Мінску выйдзе самае позняе – у сакавіку 2012 года.

Па звестках агенцтва нерухомасці “Твая сталіца”, сёння квадратны метр у мінскай кватэры каштуе на 500 долараў даражэй:

“Ёсць статыстыка продажу. Сярэдні кошт кватэры стандартных спажывецкіх якасцяў у ліпені – 1264 долара за квадратны метр”, – распавяла Еўрарадыё намесніца дырэктара “Тваёй сталіцы” Святлана Кудзелка.

Еўрарадыё вырашыла запытацца ў рыэлтараў, ці сапраўды ў бліжэйшыя месяцы можна чакаць, што кватэры істотна ўпадуць у коштах.

“Верыць прагнозам зараз – няўдзячная справа: яны апошнім часам вельмі рэдка спраўджваюцца… Напрыклад, я таксама меркавала, што квадратны метр будзе таннець. Але чамусьці ён павышаецца”, – распавядае Еўрарадыё намесніца дырэктара агенцтва нерухомасці “Квадратны метр” Ларыса Кулакова.

У агенцтве “Мольнар” таксама лічаць, што “квадрат” не патаннее. Маўляў, да 4,5 – 5 мільёнаў за квадратны метр кошты скідаюць толькі тыя, каму вельмі карціць прадаць кватэры. Але такая прапанова — вельмі абмежаваная.

У агенцтве “Твая сталіца” кажуць, што за першы тыдзень жніўня кошт квадратнага метра ў кватэры “стандартных спажывецкіх якасцяў” вырас да 1282 долараў. І гэта яшчэ не максімум, мяркуе Святлана Кудзелка:

Святлана Кудзелка: “Жнівень і далей будзе карэктаваць кошты на жыллё. Вельмі шмат паступіла дзяцей з перыферыі, якая валодае незапатрабаванымі дагэтуль валютнымі рэсурсамі. Яны зараз прыедуць у Мінск набываць кватэры. Больш за тое: рынак новабудоўляў стагнуе, бо забудоўшчыкі вельмі залежаць ад валюты на набыццё будматэрыялаў. Кошты ў іх увесь час змяняюцца, таму людзі баяцца ўступаць у новабудоўлі. І пераходзяць на другасны рынак”.

Попыт на гатовыя кватэры апошнім часам сапраўды расце. Па звестках Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у траўні 2011 года на другасным рынку жылля ў Мінску было зарэгістравана 534 здзелкі, у чэрвені — 566, а ў ліпені — ўжо 593. Натуральна, пакуль трымаецца попыт, будуць трымацца і кошты. Хаця, на думку Ларысы Кулаковай, попыт гэты “зрабілі” не беларусы:

Ларыса Кулакова: “Думаю, што попыт расце, бо зараз у нас па заканадаўстве адмянілі артыкул, які забараняў замежнікам набываць жылую нерухомасць. Таму пайшлі зараз здзелкі з пакупкай кватэр замежнымі асобамі. За іх кошт, па вялікім рахунку, і ўзрастае попыт — а не за кошт беларусаў”.

Святлана Кудзелка з гэтым меркаваннем не пагаджаецца. Маўляў, на рынку “звычайных” кватэр доля замежнікаў не перавышае траціны. У асноўным жа яны цікавяцца “элітным” жыллём, з мэбляй і сучасным рамонтам. Гэтым і тлумачыцца рост попыту на такое жыллё ў Мінску, насуперак усім інфляцыям і дэвальвацыям.

Святлана Кудзелка: “Сёння, у перыяд крызісу, я б сказала, вельмі запатрабаваным стала новае гатовае жыллё нават з мэбляй. Магу назваць вам лічбу: у ліпені сярэдні кошт кватэр з павышанымі спажывецкімі якасцямі — 1838 долараў за “квадрат”. Але ёсць і 2 тысячы, і 1 тысяча 700… Шчыра скажу, што грошы на наш рынак прывезлі расіяне”.

Нягледзячы на тое, што беларусы адчуваюць фінансавыя складанасці, попыт на жыллё ў беларускай сталіцы павольна, але паўзе ўверх. Рыэлтары адчуваюць сябе ўпэўнена. І, хаця і кажуць, што статыстыка продажу ад месяца да месяца вагаецца, скідаць кошты не збіраюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі