Рубінаў здолеў перадаць Францішку прывітанне ад Лукашэнкі
У Ватыкане ў аўторак прайшла ўрачыстая інтранізацыя Папы Рымскага Францішка.
Сярод 130 замежных дэлегацый прысутнічала і афіцыйная дэлегацыя Беларусі на чале з старшынём Савета Рэспублікі Анатолем Рубінавым. Як паведамляе БЕЛТА, Рубінаў меў "кароткую пратакольную гутарку" з пантыфікам і перадаў яму прывітанні ад імя Аляксандра Лукашэнкі.
Таксама на цырымоніі прысутнічала беларуская касцёльная дэлегацыя на чале з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. У Ватыкан прыехала з Польшчы ды Бельгіі і неафіцыйная беларуская дэлегацыя, якая вітала Францішка бел-чырвона-белымі сцягамі.

Анатоль Рубінаў вядомы сваімі атэістычнымі поглядамі.
Фота — Еўрарадыё, ria.ru