Рэкорд выбараў 2012: 87% прагаласавалі… супраць кандыдата

“Як людзі прагаласуюць за мяне, так яно і будзе. У прынцыпе, мы спадзяемся, што людзі пойдуць на выбары і прагаласуюць. Мы шмат працавалі”, — расказвае Еўрарадыё кандыдат ад ЛДП Сяргей Мельнікаў за тыдзень да выбараў.

120924_pilecki_gomel.mp3

Размаўляю з ім пасля таго, як Мельнікаў стаў адзіным кандыдатам у акрузе — і сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых, і былы дарадца Лукашэнкі Ігар Пракапенка зняліся з выбараў. Першы па рашэнні партыі, а другі па аднаму яму вядомых прычынах.

Здавалася б, Мельнікаў можа святкаваць перамогу. Канкурэнтаў няма, усё залежыць толькі ад цябе. Але лёс склаўся так, што здарылася неверагоднае. Супраць Мельнікава пагаласавала… 87% выбаршчыкаў.

Старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч расказвае, што навіна гэтая выклікала ў партыйцаў прыступ рогату.

“Мы павіншавалі яго. Смяемся усе. Вось мне з Гомеля званілі, расказвалі, што па Гомелі анекдот ходзіць аб тым, што у такое дрэннае надвор’е 52% выбаршчыкаў беглі, каб супраць Мельнікава прагаласаваць”.

Рашучасць гамяльчан, якія вырашылі ні ў якім выпадку не дапусціць Мельнікава ў парламент, выглядае насамрэч неверагодна. Куды прасцей было б проста застацца дома. Але ж не! Яўка у Навабеліцкай акрузе склала 56%. Зусім невялікая частка з гэтых людзей вырашыла падтрымаць кандыдата ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, расказваюць мне ў акружной камісіі. І называюць прычыну — слабая агітацыя.

“Агітацыйная кампанія вялася вяла. Таму, верагодна, вынік Сяргея Мельнікава склаў толькі 13%”, — патлумачылі ў акружной камісіі. Для абрання дэпутатам Мельнікаву было неабходна набраць 50% і адзін голас. Агулам яўка выбаршчыкаў у Навабеліцкай акрузе склала 56%.

Чуючы такое, здзіўляюся. Яшчэ тыдзень таму ў гэтай камісіі мне расказвалі, што з усіх трох кандыдатаў акурат Мельнікаў праводзіў кампанію. Яго канкурэнты нават сваімі выбарчымі фондамі не скарысталіся.

Як бы там ні было, але “навабеліцкі цуд” дадасць клопату уладам — дэпутата так і не абралі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына гаворыць, што праводзіць асобныя выбары немэтазгодна. А таму дэпутата ад гэтага раёна Гомеля абяруць падчас мясцовых выбараў. Пройдуць яны толькі ў 2014 годзе.

“Мы павіншавалі яго. Смяемся усе. Вось мне з Гомеля званілі, расказвалі, што па Гомелі анекдот ходзіць аб тым, што у такое дрэннае надвор’е 52% выбаршчыкаў беглі, каб супраць Мельнікава прагаласаваць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі