Рэальныя заробкі беларусаў увесь час растуць, хаця і падаюць

Пачатак месяца Белстат адзначыў чарговым прэс-рэлізам, у якім адзначаецца, што прыбыткі насельніцтва ізноў выраслі. І гэта нават з улікам інфляцыі!


Белстат: “У студзені-ліпені 2011 года рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва (прыбыткі разлічаныя з улікам зменаў індэкса спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) павялічыліся на 10,2%”.


Еўрарадыё зацікавілася, ці значыць гэта, што рост заробкаў у Беларусі абагнаў рост цэнаў? Калі так, то навошта тады праводзіць індэксацыю заробкаў? І чаму ўрад працягвае абяцаць, што да канца года рост заробкаў павінен дагнаць рост цэнаў?


З іншага боку, калі ўлічыць, што інфляцыя з пачатку гэтага года склала 53%, то заробкі мусілі вырасці аж на 63%! Але на прадпрыемствах гэтага не адчуваюць.


Мінскі завод колавых цягачоў: “Самае галоўнае, што нашы заробкі адстаюць ад коштаў. Кошты растуць, а заробкі растуць не такімі тэмпамі. Таму хваліцца тут асабліва няма чым. Паднялі мы, дапусцім, заробкі на 10% — ну і што? А цэны такія, што не дагоніш”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што памылак у падліках Белстату няма. Але падлічыць можна па-рознаму. Рэч у тым, што Белстат параўноўвае заробкі за перыяд. Рэальны сярэдні заробак за студзень-ліпень гэтага года сапраўды вышэй за той самы перыяд мінулага года…


Леанід Злотнікаў: “Так, рэальны заробак трошку вырас за перыяд студзень-ліпень гэтага года ў параўнанні з мінулым. Але людзі жывуць не з гэтым параўнаннем… Для іх важная дынаміка. І калі ўзяць жнівень і параўнаць са снежнем — то рэальны заробак у жніўні ў параўнанні са снежнем знізіўся на 18% [гл. табліцу - заўвага Еўрарадыё]. Людзі думаюць так: было шмат, а цяпер менш, і менш магу купіць... Яны месяц да месяца лічаць, а не за перыяды”.



Калі параўнаць жнівень са снежнем, то на гэты заробак можна купіць менш, чым у снежні. То бок пакупніцкая здольнасць і ёсць рэальны заробак, кажа эканаміст.

"Ёсць нарастаючы вынік, а ёсць чысты месяц. Таму і атрымоўваецца, што рэальны заробак за студзень-ліпень вырас, а за чысты месяц знізіўся", - тлумачаць у Белстаце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі