Расіяне едуць у Беларусь танна лячыць зубы, а еўрапейцам перашкаджаюць візы

“Афіцыйная статыстыка паказвае, што з кожным годам паток медыцынскіх турыстаў у Беларусь расце. У 2008 годзе было 60 тысяч, у 2009 70 тысяч, ў 2010 100 тысяч, а ў 2011 годзе ў нас палячылася 115 тысяч замежнікаў”, — распавядае Еўрарадыё Міхаіл Нядзвецкі, кіраўнік даследавання пра экспарт беларускіх медыцынскіх паслугаў.

Паводле яго назіранняў, каля 70-75% прыезджых — гэта расіяне. А прыцягваць турыстаў з Заходняй Еўропы перашкаджае, напрыклад, візавы бар’ер.

“Рэкамендуем дзяржаўным суб’ектам увесці медыцынскія візы, дэманапалізаваць рынак страхавых паслугаў для замежнікаў, бо сёння гэтым займаецца толькі “Белдзяржстрах”. А галоўная рэкамендацыя адыход ад планавай эканомікі”, — Міхаіл Нядзвецкі пералічвае крокі, якія могуць пашырыць экспарт беларускіх медыцынскіх паслугаў.

Еўрарадыё запыталася ў маркетолагаў, ці можна выкарыстаць тэму таннай і якаснай медыцыны пры стварэнні вобразу краіны за мяжой.

“Я б не сказала, што мы зоймемся тэмай медыцынскага турызму. Але калі мы будзем працаваць над брэндам Беларусі, мы зноў прааналізуем, і цалкам магчыма, што гэта будзе адным з кірункаў, які трэба будзе развіваць. Але не нашымі сіламі, а і з падтрымкай дзяржавы, зразумела”, — кажа Наташа Гранд, якая зараз займаецца брэндам Мінска. 3 гады таму яна казала пра тое, што Беларусь можа прыцягнуць еўрапейцаў менавіта медыцынскім турызмам.

“Калі ёсць рэальна ўнікальная паслуга, у прыватнасці такая, яе, безумоўна, можна рэкламаваць. Бо ў прынцыпе ў нас не самая горшая медыцынская адукацыя. Вырастаюць вельмі нядрэнныя спецыялісты”, — кажа рэкламшчыца Юлія Ляшкевіч.

Таксама ўзнікае пытанне, якімі менавіта паслугамі беларускія лекары могуць зацікавіць замежнікаў. Усе суразмоўцы Еўрарадыё хваляць беларускую стаматалогію. Тэлефануем у адну са стаматалагічных паліклінік памежнага Гродна, каб даведацца, што думаюць пра іх паслугі замежнікі.

Стаматалагічная паліклініка Гродна: “Да нас едуць лячыцца расіяне. А ў сувязі з візавым рэжымам і ўездам раз на 8 дзён, грамадзяне Польшчы практычна не заўважаныя ў нашай паліклініцы. Хто да нас яшчэ можа прыехаць? Літоўцы едуць у Ашмяны, напрыклад, я размаўляла з прыватнымі стаматолагамі”.

У адну з віцебскіх стаматалагічных паліклініку за 10 месяцаў бягучага года звярнулася на 280%  больш замежных пацыентаў, чым летась. Гэта амаль у 4 разы больш!

Стаматалагічная паліклініка Віцебска: “Прыбалтыка таксама ёсць, але асноўная маса расіяне. Едуць з вялікіх цэнтраў: Санкт-Пецярбург, Масква. Цікавіць імплантацыя, лячэнне. Ёсць і пратэзаванне, якое, праўда, не вельмі зручнае, бо патрабуе некалькі наведванняў. Некалькі соцень чалавек ёсць. Па вобласці будзе большы аб’ём”.


Што яшчэ могуць прапанаваць беларускія лякарні? Карэкцыю зроку, кардыёхірургію, эндапратэзаванне каленнага і тазасцегнавага суставаў - вынікае з даследвання "Імпарт лепшых замежных практык у сферы медыцынскага турызму: вопыт Германіі, Ізраіля і Літвы для Беларусі", якім кіраваў Міхаіл Нядзвецкі. Альбо аперацыі на шчытападобнай залозе ці па змене полу, якія ў нас робяць нядорага і якасна, кажа Юля Ляшкевіч.

Фота: turoboz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі