Прэзідэнт Сербіі Лукашэнку: мы ўсвядомілі сваю памылку
У Мінску ў аўторак прайшла сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і сербскага прэзідэнта Таміслава Нікаліча.
Прэзідэнт Сербіі знаходзіцца ў нашай краіне з двухдзённым афіцыйным візітам.
І Лукашэнка, і Нікаліч адзначылі, што ў адносінах дзяржаваў быў "перапынак", які, аднак, не датычыў эканомікі. Цяпер жа ўсё мяняецца. "Калі будзе праяўленая палітычная воля, мы абавязкова дасягнем поспехаў... І ў нас, і ў вас, а ва ўсім свеце яшчэ больш праблемаў, але мы разам і павінны вырашыць гэтыя праблемы", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі "Интерфакс-Запад".
Таміслаў Нікаліч падзякаваў Беларусі за "прынцыповую пазіцыю", якую наша краіна мае ў адносінах Косава і Метохіі. Што да "перапынку" ў адносінах, то сербскі прэзідэнт назваў яго "часовай з'явай". "Мы ўсвядомілі сваю памылку і будзем рабіць усё, каб яе ліквідаваць. Беларусь мы лічым сваім самым важным сябрам", — сказаў Нікаліч.

Фота — sb.by