Працоўны МАЗа: Я зарабляю 2,5 мільёны, а трэба, каб 5 было

111226 Martin Maz.mp3

“Сярэдні заробак на Мінскім аўтамабільным заводзе напрыканцы году ў сярэднім 4 мільёны”, — дэкламуе на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі галоўны рэдактар газеты “Автозаводец” Юрый Дудзінаў.

Еўрарадыё вырашыла пашукаць такі заробак на МАЗе.

Ля прахадной МАЗа ў гадзіну дня не вельмі людна. Хто здымае грошы ў банкамаце, нехта кіруецца на абед. У працоўнага, які паліць на ганку пытаю: “Якія цяпер умовы працы?” Той спачатку пужаецца. Маўляў, адкажаш — а заўтра звольняць. Але пасля расказвае.

“Колькі заробіш: 2,5–3 мільёны. Для завода гэта мала. Добра, каб пяцёрку давалі. Кошты скачуць, а заробак не. Адно прыбяруць іншае падымуць”, — адказвае Мікалай, мужчына гадоў 50.

За ім бачу зусім маладога хлопца — гадоў 19. Андрэй працуе ў электра-такарным цэху.

“Плацяць недзе 2,5 мільёны. Я працую тут не больш за год. Мне хапае”, — кажа хлопец.

На працу пасля абеду вяртаецца працоўны з канвееру. На заводзе ён збірае кабіны для машын.

“Мы збіраем кабіны асобна ад рам. Плацяць 2,5 і вышэй. Гэта да часу залежыць, колькі працуеш, там надбаўкі за стаж”.


Мужчына працуе на МАЗе два гады. Кажа, што за паўгода заробак яму паднялі на 13%.

Каля яго сустракаю інжынера па ахове працы. І ён таксама не мае агучаных 4 мільёнаў.

“Цяпер глядзяць, якая адукацыя, колькі адпрацаваў на МАЗе. Крызіс моцна ўдарыў. Заробак, шчыра, не вялікі. 2,3 мільёны. Гэта ў звычайнага інжынера. Працоўныя больш атрымоўваюць”.


Сярод 10 апытаных знаходзяцца два працоўныя, якія маюць 4 мільёны за месяц. Адзін з іх працуе ў цэху платформ. Крызіс, кажа, ударыў не моцна.

“Я б не сказаў, што ўдарыў. Усё задавальняе пакуль. Каля 4 мільёнаў выходзіць. Прэміі паднімалі, разы ў два”, — распавядае хлопец.

Што ж трэба, каб атрымаць 4 мільёны… Каб даведацца пра гэта звяртаюся ў газету ад МАЗа “Автозаводец”.

Ёсць, і працоўныя атрымоўваюць, ёсць, і майстры. Ваганні вялікія. У кагосьці 1,5 мільёны, у кагосьці і 6 мільёнаў. Напрыклад, ліцейшчыкі, кавалі, гальваніка, тэрмічка. Там у людзей за шкоднасць ідуць даплаты. У іх большыя адпачынкі”, — тлумачаць у газеце.

Па дарозе з МАЗу сустракаю жанчыну, у якой на заводзе працуе сын. Размеркавалі пасля вучэльні. Яна скардзіцца, што той атрымлівае толькі мільён: штрафуюць за спазненні.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі