"Прашу прыняць тэрміновыя меры па высяленні з дома наступных жыхароў..."

"Кватэра 23: спяваюць забароненыя песні і чытаюць забароненыя кнігі.

Кватэра 25: гордыя і незалежныя. Высока сябе ставяць, хаця насамрэч яны сапраўднае гаўно".

Такая скарга з'явілася ў сацсетках і падавалася жартам. Жыхарка 21-й кватэры з першага паверху просіць выселіць з пад'езда жыхароў 11 кватэр з 15!

Такі дом у Магілёве сапраўды існуе. Аўтарка ліста Ганна Ж. прызнаецца, што пра скаргу ведае.

"А скажыце, калі ласка, там яшчэ напісана "прашу выселіць жыхароў"? Справа ў тым, што гэта піша мая суседка. Яна гэтую скаргу піша яшчэ з 2004 года, калі быў жывы муж "з прыветам". Там нават майго подпісу няма".

Ганна кажа, што суседка Тамара з 22-й кватэры піша скаргі ад яе імя.

"Хоць яна і настаўнік рускай мовы і літаратуры, там шмат памылак, гэта спецыяльна зроблена".

Атрымоўваецца, што былая настаўніца піша з вялікай колькасцю памылак і... сама на сябе: "Кватэра 22: разводзяць блох, прусакоў і клапоў, і падкідваюць іх мне. І яшчэ разводзяць коней і пасвяць пад маімі вокнамі".

Жыхарка кватэры №22 абвяргае абвінавачанні. Кажа, што ў свае 60 гадоў мае 40 гадоў педстажу і нават не ўмее карыстацца камп'ютарам:

"Яна марыць завалодаць маёй кватэрай, і гэта цягнецца 20 з лішнім гадоў. Яна ўжо ў жылкамунгас пісала, што я разводжу пацукоў. Вы ведаеце, кажу ім, я пацукоў не разводжу, бо гэта не хадавы тавар. Іх нельга есці, — з жартам адзначае былая настаўніца. — А па-другое, у мяне два каты. Блох і прусакоў у мяне няма. А ў яе есць, але ж я пра яе ні слова не сказала".

Жыхары кватэры № 23 спяваюць забароненыя песні і чытаюць забароненыя кнігі.

Еўрарадыё: "За што ж суседка з 21-й кватэры так пра вас? "

"Яна не магла такое напісаць. Мы з ёй у добрых стасунках. А вось у 22-й жыве жанчына... Яна паўсюль строчыць — і ў Мінск, і ўсё ёй недаладу. У яе бруду шмат і прусакі адтуль лезуць, і мышы з той кватэры. Мы з мужам інтэлігентныя людзі, на пенсіі ўжо. Кнігі чытаем. Ходзім у бібліятэку і бярэм кнігі. А якія песні мы спяваем? Што вы".

Жыхары 29-й кватэры, дзе "п'юць усё што гарыць", кажуць, што не дагадзілі суседцы тым, што кватэру не прадалі. Але не выключаюць, што скаргу ад яе імя маглі напісаць у 22-й кватэры.

"Можа яна нешта піша. Я сама з ёй не размаўляю. Працую дворнікам у домакіраўніцтве. Калі мяне характарызуюць на працы як алкаголіка, то можна толькі пасмяяцца. Я сябе да алкаголікаў не залічваю".

У 33-й кватэры "жывуць нейкія прышэльцы". Тут таксама ведаюць, хто піша скаргі:

"Гэта Ганна з 21-й кватэры на ўсіх скардзіцца. На нас скардзілася, што з нашага даху ёй цячэ на дах. На суседку зверху — што шумныя, насупраць — што дзіцё кветкі рве. На суседзяў за сценкай скардзіцца, што сын хворы. Я машыну стаўлю, яна мне кажа: "Што вы сюды ставіце, гэта наша месца".

Але "аўтарка скаргі" стаіць на сваім: ад яе імя піша суседка, і просіць дапамогі.

"Я ў шоку. Працую з дакументамі, хаджу ў розныя інстанцыі ўзгадняць. У гарвыканкаме смяюцца. Дырэктар пачытаў скаргу, хацеў мяне звольніць, але паверыў мне. Першая скарга была ў 2004 годзе, калі мяне выклікалі ў домакіраўніцтва. Я там пісала, што без майго подпісу лічыць несапраўднай".

Сапраўды, у скарзе няма подпісу, і даказаць, хто аўтар, складана. Тым больш калі ніхто не прызнаецца. Мясцовы ўчастковы пра гэтую гісторыю нічога не ведае. У аддзеле па зваротах грамадзян гарвыканкама нічога не кажуць.

"Гэта індывідуальнае паведамленне, таму не маем права нічога расказваць. Бывае, што суседзі на суседзяў скардзяцца. Розныя прычыны. Бывае, нешта не падзялілі і адзін на аднаго пішуць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі