Прафілактычны ўлік у КДБ — легалізацыя спіса невыязных?

120706 Luka6uk ne Vyezd.mp3

Сваім указам ад 4 ліпеня кіраўнік краіны зацвердзіў: тыя, хто стаіць на прафілактычным уліку ў КДБ, выязджаць за мяжу не маюць права. Адпаведныя змены былі ўнесеныя ў Палажэнне аб банку дадзеных грамадзян Беларусі, права на выезд за межы Беларусі якім часова абмежаванае.


Еўрарадыё адразу звярнулася да КДБ па тлумачэнні. Удакладняць, каго ставяць на гэты ўлік і колькі зараз чалавек у спісе, кіраўнік прэс-службы Камітэта дзяржбяспекі Аляксандр Антановіч адмаўляецца. Перанакіроўвае да закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”.


Згодна з ўзгаданым законам на прафілактычны ўлік КДБ трапляюць людзі, якія “могуць стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі, нанесці шкоду дзяржаўным альбо грамадскім інтарэсам, правам, свабодам, законным інтарэсам іншых грамадзян”.


Еўрарадыё цікавіцца: хто канкрэтна рызыкуе прыцягнуць увагу спецслужбаў? І на гэта прадстаўнік КДБ адказу не мае.


Еўрарадыё: “На сённяшні дзень існуе ўжо нейкі спіс з пастаўленымі па вашым ведамстве на прафілактычны ўлік. І колькі ў ім чалавек?”


Аляксандр Антановіч: “Канешне, не адкажу! Тым больш вось так — адразу. Нават калі б хацеў, і тое б не адказаў! Калі ён ёсць, то гэта трэба ўзнімаць і глядзець: што ён за такі”.


Адно супакойвае — пра тое, што вас паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ, папярэдзяць загадзя.


Паводле слоў праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, гэта крок на шляху легалізацыі спіса невыязных.


Валянцін Стэфановіч: “У пэўным сэнсе гэта можа быць своеасаблівай легалізацыяй таго спіса невыязных, які быў створаны не на падставах закона, па прыдуманых выпадках і эпізодах. А зараз гэта можна легалізаваць такім чынам — праз прафілактычны ўлік у КДБ”.


Сапраўды, вядомыя некалькі выпадкаў, калі апазіцыйныя актывісты за сваю дзейнасць былі пастаўленыя на прафілактычны ўлік у КДБ. Такую “пашану” пасля Плошчы-2010 меў, да пракладу, лідар “Справядлівага света” Сяргей Калякін. Але вядома, што ён стаў афіцыйна невыязным толькі некалькі месяцаў таму — калі з’явіўся таемны спіс невыязных.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі