Прадаўшчыца: Разбіралі ўсё — і ікру на вагу, і рыбу ахалоджаную

121108_savi4_sviata.mp3

“У нас тут пошта за рогам. Людзі атрымліваюць пенсію і адразу да нас — купляюць мяса на 300 тысяч рублёў, ялавічыну, свініну. Тут у асноўным пенсіянеры жывуць, і мы вельмі адчуваем, калі людзі атрымліваюць грошы і калі яны заканчваюцца”, — у прадуктовай краме, што на вуліцы Сердзіча, тлумачаць, чаму на свята 7 лістапада не было наплыву пакупнікоў. Не атрымалі пенсію, вось і не святкавалі.


У віннай краме на Карла Маркса расказваюць, што большасць пакупнікоў прыйшлі да іх па алкаголь у суботу-нядзелю. Расіяне "мялі" грузінскія віны. За два дні набылі больш за 50 бутэлек грузінскага віна, кошт якога немаленькі — ад 100 тысяч рублёў за бутэльку.


“Грузію" куплялі вельмі, яна ад 100 тысяч ідзе. Расіяне куплялі, казалі, што яны таксама будуць нешта адзначаць. А вось учора, на свята, беларусаў не было — усе беларусы дома сядзелі”.


Ажыятаж на рыбу і морапрадукты ў перадсвяточны дзень заўважылі праз дарогу — у краме і кулінарыі “Санта Фіш”.


“З самага ранку было вельмі шматлюдна! Разбіралі ўсё: і ікру на вагу, і рыбу ахалоджаную, усё бралі!”.


Кілаграм той самай папулярнай ікры каштуе больш за 600 тысяч рублёў.


Бралі салаты, крэветкі і сушы, сёмгу і чырвоную рыбу. Натоўп сышоў толькі пад вечар. Новую прадукцыю прадаўшчыцы толькі пачалі раскладваць зранку.


А вось у крамах “Васількі”, “Цэнтральны”, “Златка” кажуць, што асаблівага натоўпу не было — як і звычайны дзень перад выхаднымі: 


“Мне здаецца, гэта для людзей проста як дадатковы выхадны дзень. Каб адпачыць, каб з сям’ёй пабыць”.


“У нас усё звычайна было — як перад выхаднымі. Я як адзначыла? Я шпалеры клеіла”.


Зусім расчараваўшыся ў мінчанах, тэлефаную ў правінцыю. Ні на Брэстчыне, ні на Магілёўшчыне па крамах свята не адчулі.


“Якое свята — я працавала. Выручка была можа трохі больш, чым звычайна, але не надта. Як перад звычайным выхадным днём”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі