"Прадай душу рок-н-ролу" разам з Yellow Brick Road на Еўрарадыё (+відэа)

Гурт Yellow Brick Road прэзентуе свой другі па ліку кліп на песню "S.Y.S.T.R.N.R." З гэтай нагоды музыканты зладзілі невялікі канцэрт ў сталічным бары Doodah King і паказалі відэа вузкаму колу сяброў і прыхільнікаў творчасці гурта. Рэжысёрам "S.Y.S.T.R.N.R." выступіў Сяргей Пратасавіцкі і мінская студыя Malamoute Production. Што з гэтага атрымалася —  глядзіце толькі на Еўрарадыё!


Матэрыял для відэа Yellow Brick Road і Сяргей Пратасавіцкі збіралі падчас гастроляў па Еўропе. Дзеля гэтага аператар студыі Malamoute Production Андрэй Мытнік накіраваўся разам з музыкамі ў леташні тур па Прыбалтыцы. У кліп таксама ўвайшлі фрагменты закуліснага жыцця гурта і нават так званы 25 кадр, які разгледзяць толькі самыя ўважлівыя!


Кліп стылізаваны пад 70-я гады, і па выяве максімальна набліжаны да эфекту 8- або 16-міліметровай плёнкі — такім чынам аўтары хацелі перанесці ў наш час атмасферу таго часу. Вынік цалкам задаволіў і музыкантаў, і стваральнікаў відэа. Як распавёў Еўрарадыё рэжысёр Сяргей Пратасавіцкі, падчас працы над відэа ён настолькі прасякнуўся творчасцю Yellow Brick Road, што і сам прадаў душу рок-н-ролу.

Трыа аўтараў Malamoute Production: Сяргей Пратасавіцкі ў цэнтры

 

Сяргей Пратасавіцкі: “Мы вырашылі зрабіць нармальны паўнавартасны кліп у стылі Band on tour. Хлопцы забяспечылі мяне матэрыялам, адзнятым за ўвесь час іх існавання, а гэта вельмі шмат! Вялікі плюс і вялікая адказнасць і для хлопцаў, і для мяне, што яны цалкам даверылі мне працу з відэа і нават не ведалі, што атрымаецца ў выніку. Паколькі кліп называецца “Прадай сваю душу рок-н-ролу”, трэба было рабіць так, каб пасля прагляду як мінімум захацелася пайсці на выступ гурта, а пасля ўжо прадаць душу рок-н-ролу, як у выніку зрабіў гэта я”.


Падчас працы над відэа па класіцы жанру не абыйшлося і без казусаў: праект, у якім усё гэта рабілася, сапсаваўся, і шмат чаго давялося рабіць наноў, аднаўляць матэрыял.

“Але гэта не перашкодзіла працы! — працягвае Сяргей Пратасавіцкі. — Дзякуй хлопцам за іх цярплівасць. У выніку мы дасягнулі таго, чаго хацелі, па іх словах. Ды і нам вынік вельмі падабаецца!”

Музыканты No Comment Band

 

 

 


  Да таго ж, Yellow Brick Road збіраюцца разыграць квіткі на VIP-прагляд канцэртнага DVD, які каманда запісала год таму падчас прэзентацыі альбома "Honeymoon" у "Рэактары". Прэзентацыя адбудзецца ў мінскім кінатэатры “Цэнтр-відэа” 18-га лістапада. Уваход на імпрэзу абмежаваны, а розыгрыш квіткоў неўзабаве адбудзецца на Еўрарадыё! Сачыце за нашымі навінамі!

 

 

Фота: Gluk Tim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі