Піт Паўлаў: У N.R.M. на “Еўрабачанні” шансу лахануцца няма!

121023_malina_nrm.mp3

Спроба гурта N.R.M. патрапіць на "Еўрабачанне" здзівіла, напэўна, больш, чым навіна пра прыезд Depeche Mode у Мінск. Навошта культавым рокерам ехаць на конкурс, які ўжо даўно лічыцца папсовым і заўважна губляе папулярнасць?! Піяр-ход гэта, ці музыкі сапраўды вырашылі перацягнуць прыхільнікаў у Litesound ды Loreen. Мы адразу ж паспрабавалі расставіць усе кропкі над "і", пагрукаўшы ў магутныя жалезныя дзверы рэпетыцыйнай студыі гурта.

Па гарачых слядах, у жывым выкананні пачуць песню "Кузнічка", якую музыкі і даслалі ў заяўцы, на жаль, не атрымалася. А вось задаць некалькі пытанняў двум з трох удзельнікаў калектыву Піту Паўлаву ды Алезісу Дземідовічу пашанцавала. Юрась Ляўкоў не пажадаў заставацца, і пабег па сваіх справах.

Еўрарадыё: Чаму вырашылі падаць заяўку на Еўрабачанне, бо раней нават і думак такіх не было?

Піт Паўлаў: Я вам скажу, што думкі заўсёды прысутнічалі, але ніколі яшчэ не збягаліся так акалічнасці. Першы раз у нас ёсць песні, цэлы альбом, якія яшчэ ніхто не бачыў... за выключэннем, здаецца, песні "Прамень". Цэлы тузін песень, якія цалкам усе трапляюць пад умовы "Еўрабачання". Гэта першае. А па-другое, у нас ёсць песня адна, якую мы і падалі, якая дакладна мае шанец менавіта перамагчы. Не проста паўдзельнічаць, ці стварыць нейкі піяр, а менавіта перамагчы. Я ўпэўнены, што ў гэтай песні ёсць такі патэнцыял.

Еўрарадыё: А перамагчы дзе? У нас, ці...

Піт Паўлаў: Перамагчы ў Швецыі, цалкам перамагчы ў "Еўрабачанні".

Еўрарадыё: А што такога ў гэтай песні?

Піт Паўлаў: Ну, гэтая песня замаскаваная пад народную. Наогул, мы хацелі зрабіць містыфікацыю на альбоме, мы хацелі не называць аўтара гэтай песні, каб усе лічылі, што яна народная. Яна дзіка стылізаваная пад народную. І я думаю, што ўсё славянскае насельніцтва Еўропы з першага радка падхопіць прыпеў. Бо там спяваецца: "Кузнічка, кузнічка...". Гэтае слова кладзецца на славянскае вуха, бо ва ўсіх мовах падобна гучыць. Ну, а як вы бачылі "Еўрабачанне", там заўсёды галасуюць такімі блокамі: балканскі блок, постсавецкі блок, скандынаўскі... Я спадзяюся, што ўсе славяне зараз падтрымаюць гэтую песню, калі мы туды, вядома, трапім... таму што трэба яшчэ прайсці самае страшнае — так званую камісію.

Алезіс Дземідовіч: Мастацкі савет!

Піт Паўлаў: Так, мастацкі савет, дзе галасуюць высокія спецыялісты, якія могуць прызнаць наша "творэніе" нявартасным.

Еўрарадыё: А што датычыцца, напрыклад, музыкі, стылістыкі, усё ж гэта больш папсовы конкурс, эстрадны...

Піт Паўлаў: Я з вамі не згодны!

Алезіс Дземідовіч: Гэта ўсё ж конкурс песні, а яна можа быць і папсовай, і рокавай. Памятаеце, не так даўно перамаглі гэтыя металюгі з Фінляндыі, якія былі пераапранутыя ў дыназаўраў.

Еўрарадыё: Але там перамагло, хутчэй, шоў. А ў вас будзе нейкае шоў, ёсць нейкая думка на гэты конт?

Піт Паўлаў: Натуральна! Песня сама па сабе ўжо ўключае гэтае шоў. Яна пачынаецца з гуку накавальні.

Алезіс Дземідовіч: Там ёсць галоўны герой, нават два. Адзін з іх — каваль. Можна, на сцэне метал ліць (усміхаецца).

Піт Паўлаў: Мы запісалі гэтага "Каваля", не разлічваючы ні на які конкурс! Я хачу, каб усе зразумелі, што песню мы рыхтавалі для альбома N.R.M. Думка, паўдзельнічаць у "Еўрабачанні" ўзнікла ў гэтую суботу, бо мы вычыталі ў інтэрнэце, што там недахоп удзельнікаў. І калі мы прааналізавалі нашы варункі, то нечакана зразумелі, што ў нас ёсць песня, якая, падкрэсліваю, мае ўсе шансы перамагчы. І цвяроза ацэньваючы варункі "Еўрабачання"... Гэта конкурс песні і конкурс такіх нацыянальных лобі. А вось гэтая песня адпавядае вялікай колькасці гэтых умоваў, і яна можа дакладна перамагчы.

Еўрарадыё: То бок вы скокнулі ў апошні вагон з падачай заявак, бо вырашалі, што вам гэта трэба?

Алезіс Дземідовіч: Ну, мы ж вагаліся! Мы ж ніколі раней не бралі там удзел. Ёсць, напрыклад, выканаўцы, якія кожны год там удзельнічаюць. І мы вельмі асцерагаемся, бо так адзін раз улезеш, і будзеш потым кожны год рыхтаваць туды песні. Таму мы ў апошні момант, каб не захварэць гэтай еўраманіяй.

Піт Паўлаў: Я і сам, як і мае калегі па гурце, калі пачулі гэтую прапанову, сказалі: Ты ...ануўся! Гэта першыя словы, якія кожны з нас прамовіў. Але, калі мы пачалі аналізаваць варункі, то ўсе сапраўды паставіліся з энтузіязмам.

Еўрарадыё: А вось няма такой боязі, лахануцца? І потым усе будуць сцябацца, як з Ялфімава ці з Litesound?

Піт Паўлаў: А як тут лахануцца!? Чакайце, Ялфімаў жа сам падставіўся — апрануў белыя нагавіцы... Ялфімаў, дарэчы, класна спявае! Але ён вылез туды з кепскай песняй, ён вылез туды з пафаснымі позамі, а еўрапейцы гэта ўспрымаюць, ну, як калгасныя...

Алезіс Дземідовіч: Шмат гераізму было, а ў нас жа няма гераізму! А мы будзем N.R.M., які куе метал (усміхаецца).

Піт Паўлаў: Па рознаму ставяцца людзі, нехта любіць, нехта не любіць N.R.M., але да N.R.M. усе прызвычаіліся. І вось яны ўбачаць той самы N.R.M., бо мы будзем самі сабой, таму няма ніякага шансу лахануцца. Калі ёсць шанец лахануцца, то, значыць, мы ўжо лахануліся, калі пачалі займацца музыкай.

Еўрарадыё: То бок, калі ў вас не атрымаецца перамагчы, то вы не баіцеся такой звычайнай бучы ў інтэрнэце...

Піт Паўлаў: Скажу адразу пра перамогу: я ўпэўнены, што гэта песня вартая перамогі. Але, напрыклад, калі перамаглі фіны са сваімі крыламі, то цяжка перабіць такія крылы, такія касцюмы... Калі там вельмі заўважная была Сярдзючка, то Сярдзючка — гэта і ёсць "Еўрабачанне". Эпатаж, незразумелая сэксуальнасць — гэта ўсё і ёсць квінтэсенцыя "Еўрабачання". Калі з'явіцца такі чалавек, то гэта, магчыма, будзе парытэт. Усе хочуць убачыць нейкую музычную жвачку, а перамагае заўсёды тое, што з гэтага выбіваецца.

Алезіс Дземідовіч: А перамагае Рыбак, напрыклад (усміхаецца). Што маглі, мы робім і будзем рабіць, а калі нехта не зацікаўлены ў перамозе на Еўрабачанні, то няхай там забараняюць і г.д.

Піт Паўлаў: Калі мы нават не пераможам, то мы будзем у першай тройцы. Дакладна, што гэтая песня будзе заўважная.

Еўрарадыё: Ці не было думкі, ці спробы запрасіць для ўдзелу ў Еўрабачанні Лявона Вольскага?

Алезіс Дземідовіч: Мы ўжо даўно не мыслім у гэтым рэчышчы! Гвалтоўна яго запрасіць ці як? Ці што вы маеце на ўвазе? Звязаць яму рукі!?

Еўрарадыё: А раптам ён для Еўрабачання пагадзіцца!?

Піт Паўлаў: Не, мы ў гэтым напрамку нават не думаем. Гэта пытанне ўжо тры гады не да нас. І нават, калі з'явяцца нейкія прапановы, то мы, хутчэй за ўсё, проста не будзем іх разглядаць. У нас цяпер усё нарэшце адбываецца па нашым плане, мы нарэшце кантралюем тое, што адбываецца ў гурце.

Еўрарадыё: З гэтага года музыкі самі аплачваюць сабе запіс, касцюмы, нумар і г.д. Калі вы пераможаце і паедзеце, то ці гатовыя вы свае грошы ўкладаць?

Алезіс Дземідовіч: Аптымістычна (усміхаецца)! Я вам скажу, што мы ніколі не бралі ў дзяржавы грошай і цяпер неяк выкруцімся.

Піт Паўлаў: Ёсць два варыянты. Мы, натуральна ж, знойдзем незалежныя крыніцы фінансавання. Але, калі туды паедзе дзікая дэлегацыя ад тэлебачання з гатэлямі, сутачнымі і з усёй гэтай прыгажосцю, тады я папрашу, каб яны і нас неяк "на хвост узялі". Гэта дзіўная ўмова, але мы з ёй справімся, калі дойдзе да паездкі ў Швецыю. А пакуль што я прашу прыхільнікаў N.R.M. зразумець адну простую рэч: што гэта не выбрык для піяру, а гэта звычайная спроба N.R.M. зрабіць сапраўды вартую рэч: разрэкламаваць беларускую песню, рок-песню на ўсю Еўропу. Ніякіх кампрамісаў мы рабіць не збіраемся. Гэта N.R.M.-аўская песня менавіта ў тым рэчышчы ў якім мы працавалі апошнія 20 гадоў.

Нагадаем, цяпер N.R.M. рыхтуюць да выдання новы альбом. Каля двух тыдняў таму быў запісаны апошні трэк дыска, засталося толькі звядзенне ды майстарынг. Але музыкі не спяшаюцца, маўляў не хочацца лахануцца на апошняй стадыі падрыхтоўкі да рэлізу.

На гэты момант канкурэнцыю рокерам складаюць каля 60 выканаўцаў і гэтая лічба можа вырасці. Да 31 кастрычніка 17 сяброў журы праз вызначэнне шорт-ліста і яго "жывое" праслухоўванне назаве не больш за 15 удзельнікаў паўфіналу. Фіналістаў плануецца абраць 16 лістапада. Праўда, у палажэнні беларускага адбору на "Еўрабачанне" прапісана, што калі журы не знойдзе вартых выканаўцаў, магчымае правядзенне толькі фіналу 7 снежня.

Сёлета конкурс "Еўрабачанне" пройдзе 14 — 18 траўня ў шведскім горадзе Мальмэ.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі