Пётр Марэш: Што Расія хоча набываць за вялікія грошы, вам прапануюць дарма

120221 Luka6uk Mare6 1.mp3

— Якія асноўныя мэты вашага візіту ў Беларусь?


— Нашая дзяржава — актыўны партнёр праграмы “Усходняга партнёрства”, і ў нас ёсць праекты, з якімі мы хацелі б пазнаёміць ваш бок. Адна з такіх праграм — гэта праграма Erasmus, якую мы хацелі б наблізіць да беларускіх студэнтаў. Зараз працуе дзве праграмы: Erasmus — для студэнтаў з краін-сябраў Еўрасаюза, а другая Erasmus Mundus — для студэнтаў з краін па-за межамі ЕС. Мы б хацелі адкрыць Erasmus наш, хатні для студэнтаў з Беларусі ды іншых краін-удзельніц “Усходняга партнёрства”.


Сёння з Беларусі выязджае па гэтай праграме не больш як некалькі сотняў студэнтаў у год. А могуць быць тысячы студэнтаў. У канцы мінулага года пад гэта падпісаліся Нямеччына, Швецыя і Польшча.


— Але час ад часу ўзнікае пытанне, ці будзе Беларусь задзейнічаная ў праграме “Усходняга партнёрства”. У Беларусі амаль не рэалізуюцца праекты ў рамках гэтай праграмы. На ваш погляд, небяспека выключэння нашай краіны з гэтай праграмы існуе?


— Ведаеце, я аб’ездзіў практычна ўсё Еўропу, праводзячы дыскусіі на тэму “Усходняга партнёрства” — ад Лондана да Варшавы, ад Стакгольма да Рыма. І не сустрэў ніводнага чалавека, палітыка ці чыноўніка, які б сказаў, што Беларусь трэба выгнаць з “Усходняга партнёрства”. Нашы адносіны вельмі складаныя, праблем шмат, але Беларусь з’яўляецца вельмі важнай часткай. Гэта наш сусед, а суседзяў не выбіраюць! Але я ўпэўнены, што калі Беларусь не вырашыць сама сысці — яе ніхто ніколі выганяць не будзе. Будзем шукаць шляхі, каб наблізіць Беларусь да Еўрасаюза як мага бліжэй. Хоць гэта і складана, і цяжка. Калі Беларусь не вырашыць сама сысці — яе ніхто ніколі выганяць не будзе.


— Не было асцярогі, што з вамі не захочуць сустракацца беларускія чыноўнікі? Праблем з атрыманнем візы не было?


— Візу мне далі цягам двух дзён без праблем. Мне падаецца, што тыя тэмы, на якія я хацеў гаварыць з партнёрамі тут, узаемавыгадныя. Мой візіт не такі праблемны, як некаторыя іншыя. Хаця сёння ніводную тэму нельга абмяркоўваць без уліку таго, як развіваецца сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Усё ўзаемазвязана. Калі ёсць студэнты, якіх выганяюць з ВНУ за іх палітычную дзейнасць — гэта ўскладняе ўсе размовы пра супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Калі ёсць навуковыя супрацоўнікі, якія не могуць займацца сваёй працай з-за сваёй палітычнай дзейнасці, — гэта ўплывае. А калі сядзяць людзі ў турме за сваю палітычную дзейнасць — гэта заўсёды ўплывае на магчымасці развіцця супрацоўніцтва. І шкодзіць. Прычым шкодзіць не Еўрасаюзу, а людзям у гэтай краіне. Калі ёсць студэнты, якіх выганяюць з ВНУ за іх палітычную дзейнасць — гэта ўскладняе ўсе размовы пра супрацоўніцтва.


— Ці прадугледжвае вашая ініцыятыва, што найперш патрапіць у праграму Erasmus змогуць тыя, хто пацярпеў за сваю палітычную актыўнасць?


— Мы хацелі б, каб да нас прыязджалі не толькі тыя студэнты, у якіх ёсць палітычныя праблемы, а нашмат больш. Сёння адносіны Беларусі і ЕС у тупіку. Як выйсці з гэтага тупіка? Адзін са шляхоў — даць магчымасць як мага большай колькасці беларусаў увайсці ў кантакт з Еўрасаюзам. Я ўпэўнены, што калі такое адбудзецца, нам значна лягчэй будзе паразумецца наконт палітычных праблем. Калі не ўдаецца зрушыцца на ўзроўні палітычным — давайце рушыць наперад у іншых пытаннях.


— Сустрэчы з беларускімі чыноўнікамі ад адукацыі ў вас ужо былі? Які іх вынік?


— Учора я сустракаўся з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Акадэміі навук, была сустрэча ў МЗС. На сустрэчу прыходзілі людзі падрыхтаваныя. Было відаць, што для іх гэтая тэма з’яўляецца важнай. Яны выказваліся ў тым сэнсе, што, маўляў, у нас для вас усе дзверы адчыненыя. Але мы разумеем, што гэта ўсё — складаны працэс. Увогуле, на падставе толькі гэтых размоў я б не хацеў рабіць нейкія высновы.


Найлепшым было б, калі б мы маглі дапамагаць наладжваць кантакты не на ўзроўні міністэрстваў, а паміж інстытуцыямі нашай і беларускай культуры і адукацыі. Я пытаўся ў Міністэрстве адукацыі, ці магчыма, каб былі кантакты на ўзроўні чэшскіх і беларускіх ВНУ, без пасярэднікаў. Адказныя чыноўнікі сказалі: “Так”. Ну, што ж, кантакты мы маем — пачнем працу. Праз 3-4 месяцы я вам дам адказ: ці не пустыя гэта былі абяцанні.

120221 Luka6uk Mare6 2.mp3


— Наколькі рэальная рэалізацыя вашага адукацыйнага праекта?


— Рэальная. Але на колькі адсоткаў — не скажу. Я ўпэўнены, што з іншымі краінамі-удзельнікамі “Усходняга партнёрства” ўсё пройдзе добра — з Украінай, Малдовай, Грузіяй, нават з Арменіяй. У Еўрасаюзе праект падтрымалі — зараз усё залежыць ад нашых беларускіх сяброў. Ведаеце, расійскі прэзідэнт ездзіць па ўсім свеце і шукае партнёраў для мадэрнізацыі Расіі. А мадэрнізацыя — гэта найперш трансфармацыя сістэмы адукацыі, навукі і гэтак далей. І тое, што рускія хочуць набываць за вялікія грошы, Беларусь можа атрымаць практычна дарма: не за грошы, а за супрацоўніцтва. Тое, што рускія хочуць набываць за вялікія грошы, Беларусь можа атрымаць практычна дарма: не за грошы, а за супрацоўніцтва


— Але Беларусь нават не задзейнічалі ў Балонскім працэсе...


— Вось гэта і ёсць праблема! І хоць гэты факт усё ускладняе, але не робіць ажыццяўленне праекта немажлівым. Дарэчы, трэба праводзіць дыскусіі на тэму: “Ці мае сэнс пакідаць Беларусь па-за межамі Балонскага працэсу?”. Я тут сустракаўся і са студэнтамі, і з людзьмі, якія вельмі крытычна ставяцца да таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы ведаем пра выпадкі выключэння студэнтаў, пра тое, што лёс студэнта залежыць выключна ад адміністрацыі ВНУ, студэнцкага самакіравання няма. І тут пытанне: “У якім выпадку нешта зменіцца: калі Беларусь па-за межамі Балонскага працэсу ці лепш падключыць Беларусь да Балонскага працэсу, а потым працаваць тут з адміністрацыяй, каб паскорыць гэты працэс?”.


Я задаваў гэтае пытанне і ў міністэрстве, і студэнтам — і не атрымаў адзінага адказа. Ёсць тыя, хто кажа: “Не, не пускаць, пакуль тут усё не будзе добра”. Іншыя кажуць: “Давайце пачнем працаваць і цягам года пабачым — ці будзе гэта працаваць”.


Шчыра кажучы, у Балонскім працэсе задзейнічана столькі краін, у якіх “не ўсё у парадку”, што мне часам падаецца — у выпадку з Беларуссю мы паступаем не зусім правільна. Асабіста я схіляюся да такой думкі: “Хай бы Беларусь папрацавала з намі ў рамках гэтага працэсу”.


— Як вы ставіцеся да таго, што ў спісе неўязных у ЕС беларускіх чыноўнікаў ёсць і рэктары ВНУ?


— Нельга ўносіць у "чорны" спіс чалавека толькі за тое, што ён рэктар. У гэты спіс трапілі людзі, якія парушаюць правы чалавека. Але калі рэктар сапраўды падпісвае дакументы, згодна з якімі выключаюць студэнта за яго палітычную дзейнасць, то гэтыя людзі павінны быць у гэтым "чорным" спісе. Але не павінна быць аўтаматызма: калі ты рэктар — табе нельга ў ЕС.


— Еўракамісар Штэфан Фюле пэўны час таму анансаваў трансфармацыю праграмы "Усходняга партнёрства". Што змянілася?


— Мы перайшлі ад высокіх слоў да канкрэтных спраў. Акрамя адукацыйных, шмат іншых праектаў — транспарт, навакольнае асяроддзе і гэтак далей. Зараз мы рыхтуем новую фінансавую праграму на перыяд з 2014 года, і там грошай будзе яшчэ больш. Такія краіны, як Украіна і Малдова, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх гэтых праектах і карыстаюцца гэтымі грашыма.
А Беларусь увесь час нечага чакае. Можна чакаць яшчэ 10 гадоў, а тым часам нехта іншы будзе карыстацца гэтымі грашыма і выгодамі ад супрацоўніцтва. Беларусь выгодамі не карыстаецца, і ад гэтага горш толькі ёй.


— Будзем спадзявацца, што ваш праект пачне рэалізоўвацца. Вось толькі можа атрымацца, што ў такіх міжнародных праграмах дазволяць удзельнічаць выключна тым студэнтам, хто з’яўляецца актывістам БРСМ.


— Такая сітуацыя для мяне — дэжавю. Калі я быў студэнтам, то нават не марыў, што некалі змагу выехаць за межы ЧССР. А мае калегі, актыўныя камсамольцы, выязджалі ў іншыя краіны. І мы былі незадаволеныя тымі навучальнымі ўстановамі Англіі, ФРГ, ЗША, якія такіх студэнтаў прымалі. Але зараз я разумею, як складана гэта кантраляваць. Трэба проста павялічыць колькасць тых, хто выязджае. Хай сярод 10 камсамольцаў будзе 1 нармальны студэнт! Цынічны погляд, але нават гэтыя камсамольцы вернуцца пасля навучання іншымі людзьмі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі