Першыя беларускія пераможцы Алімпіяды: Наша пенсія… хіба гэта грошы?

120127 Svjardlou Gejshtar.mp3

“Зараз дрэнна вяслуюць. А калі мы з Макаранкам выйгралі Алімпіяду, усе хацелі веславаць так, як мы, — прыгадвае гульні-1960 ў Рыме Леанід Гейштар, адзін з першых двух беларускіх Алімпійскіх чэмпіёнаў. — І трэнеры з-пад кустоў глядзелі, як мы вяслуем. А журналісты казалі: “Вы не вяслуеце, вы забаўляецеся!”

51 год таму ў Рыме беларусы ўпершыню ўзялі “золата” Алімпійскіх гульняў. Каноэ-двойка Сяргея Макаранкі і Леаніда Гейштара прыйшла першай на дыстанцыі ў 1000 метраў.

Сёння 75-гадовы Гейштар… працуе трэнерам на вяслярнай базе ў родным Гомелі.

“Прыходзіш… Даху няма, пад нагамі — няма, вёслаў няма, лодак няма. Нічога няма! Ды яшчэ і падбухторваюць дзяцей, каб да мяне не хадзілі. Разумееце? Гэтыя ідыёты-трэнеры… Мы ўсе з гэтага жыцця сыходзім. Але я іх добрым словам ніколі не згадаю. Нават там”, — расчульваецца алімпіец. — Калі б не ўсё гэта, былі б ужо і мае гадаванцы чэмпіёнамі свету і алімпійскімі чэмпіёнамі!”

Гэта праўда, гадаваць чэмпіёнаў Леанід Гейштар умее. У свой час яго сын Ігар паспеў стаць чэмпіёнам СССР. Але зараз Ігар Гейштар жыве ў Амерыцы…

Сяргей Макаранка пасля пераможнай Алімпіяды пабудаваў катэдж пад Мінскам, зусім недалёка ад Драздоў. “З вакна плот прэзідэнта відаць. Мы яго верталёт сустракаем і выпраўляем”, — усміхаецца вясляр. Але адразу пачынае скардзіцца на беларускія законы: “Калі на адну пенсію жыць — гэта глупства. Я толькі на камунальныя паслугі аддаю 400-500 тысяч, недзе так. Як толькі газ урубіш, каб больш цяпла было ў доме — адразу і грошай больш плаціш”.

Для іншага жыхара вёскі Зацань паўмільёна камуналкі — гэта норма жыцця. Для Сяргея Макаранкі гэта 20% пенсіі. І гэта пры тым, што алімпіец “за выдатныя заслугі” атрымлівае падвойную пенсію! “А што, калі б не было выдатных заслугаў?” — здзіўляецца ён. За месяц набягае 2,5 мільёны. Плюс — падпрацоўка на палову стаўкі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Але гэта, хутчэй, для душы.

Сяргей Макаранка: “Мы неяк звярнуліся да прэзідэнта. Патлумачылі, што мы не маем нічога! Маўляў, вакол нашай краіны алімпійскія чэмпіёны нечым пажыццёва забяспечаныя. Каб яны не адчувалі сябе ўшчэмленымі, не адчувалі недахопу ў нечым. Але нам адмовілі. Маўляў, нашы заслугі ўсе былі ў Савецкім саюзе…”

Але праз нейкі час дзяржава ўсё ж паклапацілася пра алімпійскіх чэмпіёнаў мінулага. Пенсію падвоілі, але яе ўсё роўна хапае ўпрытык. А вось Леанід Гейштар кажа, што грошай не хапае, нават нягледзячы на тое, што кожную раніцу даводзіцца хадзіць на вяслярную базу:

Леанід Гейштар: “Пенсія — 1 мільён 200 тысяч. Ёсць гэтая надбаўка, пра якую мы папрасілі. Але яе як далі, так могуць і забраць. Усё кажуць, што мы мусім атрымліваць, як усе, што нам і так грошай павінна хапаць… А пойдзеш у краму ці на кірмаш — гэта не грошы. І ты не набываеш тое, што хочаш. А калі трэба адпачыць, трэба пуцёўка — дык даводзіцца прабіваць, прыніжацца… А я не мушу прыніжацца, я ж першы чэмпіён алімпійскіх гульняў!”

Па словах Леаніда Рыгоравіча, згадваюць пра яго звычайна раз на 4 гады. Хаця ў 2010-м гарвыканкам зладзіў выставу, прысвечаную 50-годдзю першага беларускага алімпійскага “золата”.

Леанід Гейштар: “У мяне ўсё захавалася, пачынаючы плаўкамі. Майка, майткі, шапачка, вясло — усё з фінальнага заезду засталося. А ведаеце, што Макаранка сказаў? Хаця я з ім спраў не маю, але ён прыехаў на гэтую выставу. І сказаў: “А я нават не ведаю, дзе маё вясло падзелася…”

Мара Леаніда Гейштара — яшчэ раз патрапіць на Алімпійскія гульні.
 
Леанід Гейштар: “Чаму б у Лондане не даць першаму беларускаму чэмпіёну Алімпійскіх гульняў несці сцяг? Не важна, колькі мне гадоў. Каб не казалі пасля, што вялікі спорт падрывае здароўе”.

Фота: МФСТ "Спартак", сайт НАК Беларусі, TUT.BY, "Вікіпедыя".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі