Пастухоў: Канстытуцыя ў Беларусі больш фіктыўны, чым рэальны дакумент

На думку суддзі Канстытуцыйнага суда Ліліі Козыравай, усе нормы галоўнага закона ў нас працуюць цалкам і паспяхова.

Лілія Козырава: “Я лічу, што Канстытуцыя працуе. Нават мы самі не здагадваемся, але нормы яе працуюць. Гэта прысутнічае ва ўсіх тых законах, ва ўсіх нарматыўна-прававых актах, якія мы прымаем”.

А вось былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў упэўнены, што галоўны закон краіны калі не цалкам, то ў пераважнай большасці сваіх артыкулаў не працуе.

Міхаіл Пастухоў:
“Не працуюць у нас артыкулы, якія прадугледжваюць размеркаванне ўлады, вяршэнства права, закона, павагу да правоў чалавека, да міжнародных стандартаў”.

Напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы юрыст звярнуў увагу на “непрацаздольнасць” артыкулаў Канстытуцыі, датычных мясцовай улады.

Міхаіл Пастухоў:
“Не працуюць цэлыя главы і раздзелы, якія тычацца мясцовага самакіравання. Фактычна Саветы дэпутатаў, у якія зараз будуць праводзіцца выбары, не маюць ніякай вагі на мясцовым узроўні. Не маюць і фінансавай самастойнасці”.

А жывем мы, кажа былы суддзя КС, не паводле галоўнага закону, а паводле прэзідэнцкіх указаў.

Міхаіл Пастухоў:
“Як юрыст я магу сказаць, што перавагай у нас карыстаюцца акты прэзідэнта. Фактычна яго ўказанні, аформленыя ў дэкрэтах, указах, распараджэннях, дырэктывах, — яны валодаюць вяршэнствам. А ўсё астатняе заканадаўства мае падначалены характар”.

На яго думку, Канстытуцыя ў Беларусі больш фіктыўны, чым рэальны дакумент. Да таго ж, кажа Міхаіл Пастухоў, нам трэба вярнуцца да сапраўднай Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года.

Нагадаем, што сённяшняя Канстытуцыя была прынята на рэферэндуме 24 лістапада 1996 года без абмеркавання ў Парламенце. На думку міжнародных экспертаў, яна з’яўляецца недэмакратычнай і выпраўленню не падлягае.

Былы старшыня Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў, у адрозненне ад свайго калегі, менш катэгарычны. На яго думку, Канстытуцыя ў нас працуе, але не ў поўнай ступені. Напрыклад, адзначае, гэта тычыцца артыкулаў, якія гарантуюць усім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці і права ўласнасці.

Валеры Фадзееў:
“13-ы і 44-ы артыкулы Канстытуцыі — я, напрыклад, лічу, што дзяржава занадта ўмешваецца ў адносіны ўласнасці. У тым ліку, прыватнай уласнасці. Да таго ж, ёсць пэўная няроўнасць форм уласнасці. Пакуль дзяржаўная мае перавагу”.

Ёсць пытанні датычна выканання артыкула 30, які гарантуе свабоду выбару месца жыхарства, і артыкула 33 — дзе гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Валеры Фадзееў:
“У нас адменены інстытут прапіскі, але ўведзены інстытут рэгістрацыі, які не моцна ад прапіскі адрозніваецца. Што тычыцца свабоды меркаванняў, то я лічу, што ў нас ёсць праблемы з выказваннем меркаванняў. І апошнія падзеі ў дачыненні сродкаў масавай інфармацыі гэта пацвярджаюць. Ёсць пэўныя пытанні і датычна рэлігійных арганізацый”.

А былы спікер беларускага парламента Станіслаў Шушкевіч кажа, што Канстытуцыя ў нас ёсць толькі намінальна.

Станіслаў Шушкевіч:
“Мы жывем у краіне, дзе ў Канстытуцыі дэкларуецца ўсё правільна: правы чалавека, падзел улады, незалежнасць суда і гэтак далей. Але сам механізм распісаны так, што ўся ўлада належыць прэзідэнту”.

Нягледзячы на тое, што дзеючую Канстытуцыю Шушкевіч называе антыдэмакратычнай, ён прызнае, што там ёсць артыкулы, якія дазваляюць краіне існаваць як прававой дзяржаве. Але яны не выконваюцца. І прывёў жыццёвы прыклад.

Станіслаў Шушкевіч:
“Паводле Канстытуцыі, пенсія не можа быць менш за мінімальную, вызначаную законам. А ў мяне яна ў разоў 50 менш за мінімальную!”

На думку суддзяў, у тым, што галоўны закон у краіне не цалкам працуе, вінаватая як дзеючая ўлада, так і самі беларусы. Згодна са словамі Фадзеева, мы хворыя на прававы нігілізм і проста не ўмеем і не хочам адстойваць свае правы.

Фота: denn-ives.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі