Памежнікі: “Тое, што адбыўся такі “кастынг”, — мы тут пры чым?”

120312 Luka6uk Nevyezd.mp3

За што забаранілі выязджаць за мяжу Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну, Віктару Карняенку ды Валянціну Стэфановічу, у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі не ведаюць. Звяртацца да іх па тлумачэнні няма сэнсу. У гэтым Еўрарадыё ўпэўнівае начальнік Дэпартамента Аляксей Бягун.


Аляксей Бягун: “Няхай асабіста звяртаюцца ў той орган, які прыняў рашэнне, і атрымаюць прычыну. Ёсць жа той орган, які не прапусціў? Вось, туды яны могуць пісьмова звярнуцца. Я не ведаю, хто там ім прастаўляў штампы і хто не прапускаў. У нас няма адпаведнай інфармацыі па гэтым пытанні”.


Еўрарадыё: “У вашых базах іх дадзеных няма?”


Аляксей Бягун: “Прынамсі, па гэтых фактах мы ніякай інфармацыяй не валодаем”.


Больш за тое, прызнае, што пра спісы невыязных апазіцыянераў першы раз чуе ад Еўрарадыё.


Нагадаю, 7 сакавіка без тлумачэнняў прычын памежнікі завярнулі з мяжы лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. А 10 сакавіка беларускія памежнікі не выпусцілі ў Літву кіраўніка партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна і каардынатара кампаніі "За свабодныя выбары" Віктара Карняенку. Тое ж чакала на выездзе з Беларусі і праваабаронцу Валянціна Стэфановіча.


Паспрабаваць высветліць, чаму гэтых людзей не прапусцілі праз мяжу, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі параіў у Памежным камітэце. Але кіраўнік прэс-службы гэтага ведамства Аляксандр Цішчанка ўпэўнівае: гэта не памежнікі.


Аляксандр Цішчанка: “Па базах — абмежаванне выезду. Хто, чаму і як — трэба звяртацца ў кампетэнтныя структуры. Мы ж не абмяжоўваем выезд! Працуе база наступным чынам: калі счытваецца лічбавы радок пашпарта — звяртаецца сістэма да базы. База выдае, што ў чалавека ёсць абмежаванне. Усё! Больш памежнік ніякіх дадзеных не мае. А тое, што адбыўся такі “кастынг”... я ж тут пры чым?!”


Ды накіроўвае звяртацца па тлумачэнні... у Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі. Ці паспрабаваць даведацца ў тэрытарыяльным органе ўнутраных спраў. Бо, маўляў, усе галоўныя базы дадзеных знаходзяцца ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Але такія звесткі дадуць толькі асабіста таму, каго яны тычацца.


Паводле слоў кіраўніка прэс-службы МУС Канстанціна Шалькевіча, ніякіх дакладных звестках у яго... няма.


Канстанцін Шалькевіч: “Мне пакуль каментаваць няма чаго — трэба мне высвятляць, што там за сітуацыя. Я пакуль ніякіх каментароў даваць не буду”.


У МУС “абмежаваным у правах” апазіцыянерам раяць пісаць звароты... ва ўсе інстанцыі. Маўляў, у іх ёсць такое права, а закон “Аб дзяржслужбе” абавязвае чыноўнікаў даваць на запыты адказ.


Але нікому з “абмежаванцаў” не паставілі ў пашпарт адпаведны штамп. Хоць звычайна гэта робіцца. Чаму штамп “У выездзе адмоўлена” не паставілі таму ж Лябедзьку, кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка патлумачыў часовасцю гэтай забароны.


Аляксандр Цішчанка: “У дадзеным выпадку абмежаванне — яно ўсё адно носіць часовы характар, абмежавана нейкімі працэдурамі ці працэсамі. Таму ў дадзеным выпадку штамп непатрэбны”.


Але ж і забарона на выезд таму, хто, да прыкладу, не сплаціў штраф, “носіць часовы характар” — да моманту яго выплаты. З іншага боку, не дазваляць выязджаць за мяжу толькі на падставе таго, што чалавек — апазіцыянер, — незаконна. І калі хтосьці захоча абскардзіць гэты факт у судзе, то даказаў забароны ў яго не будзе: штампа ў пашпарце няма!

Калаж Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі