Падарожжа ў падзямеллі забытых фортаў (фотарэпартаж)

Каб распавесці пра ўнікальныя абарончыя збудаванні прадпрымальнік Аляксандр Семянчук і настаўнік гісторыі Дзмітрый Люцік склалі цэлы турыстычны даведнік. Аматары ваеннай гісторыі могуць смела вандраваць па ваколіцах Гродна: выданне багата ілюстраванае картамі і фотаздымкамі. Разам з аўтарамі турыстычнага гіда Еўрарадыё праехала па незвычайным маршруце.



Вялізны бетонны форт знаходзіцца за 9 кіламетраў ад горада. У сцяне абарончага збудавання добра бачныя стралковыя і гарматныя пазіцыі. Вакол Гродна размяшчаецца яшчэ 12 падобных умацаванняў. Згодна з амбітнай задумай расійскага цара Мікалая ІІ, форты мусілі вытрымаць аблогу дасканала ўзброенай нямецкай арміі. Загад, узвесці крэпасць імператар падпісаў у 1912 годзе. Тады ўжо было зразумела, што вайны з Нямеччынай не пазбегнуць.

“Асноўную ролю ў адбіцці атак, вядома, выконвала крапасная артылерыя. Яна размяшчалася ў тыле, — расказвае Дзмітрый Люцік. — У крэпасці былі свае аэрастаты. Яны падымаліся, "засякалі" праціўніка, давалі каардынаты і непрыяцель расстрэльваўся. Пры штурме форта толькі ў апошнюю чаргу павінна было дайсці да гарнізона. У гродзенскай крэпасці ў канцы яе існавання было каля 700 гармат рознага калібру — насычанасць была дастаткова вялікай”.

Мы спускаемся ў падземны калідор форта. Нават праз 100 год запусцення там выдатна можна разгледзець, як было арганізавана ваеннае жыццё. Аляксандр Семянчук паказвае супрацьмінныя галерэі. У іх дзяжурныя маглі пачуць, калі раптам вораг паспрабуе зрабіць падкоп і падкласці выбухоўку. На кожным форце служылі больш за сто апалчэнцаў ды салдат. Для іх былі зробленыя жылыя пакоі з печкамі ў сценах.


“Канкрэтна гэты форт удзельнічаў у апошніх баях крэпасці 1915 года, — працягвае нашу экскурсію Дзмітрый Люцік. — Увесь 1914 год і да жніўня 1915 года тут стаяла варта з гарнізона форта. Яны здзяйснялі дагляд людзей, якія ехалі ў Гродна. Быў уведзены прапускны рэжым, крэпасць была ў асадным становішчы, мусілі быць спецыяльныя паролі і пропускі, каб тут праходзіць. Нават для сялян”.

У баях Першай сусветнай не паўдзельнічала і палова ўсіх гродзенскіх фортаў. Гродна здалі без бою. Расійскія войскі эвакуявалі зброю і маёмасць. Больш крэпасць для ваенных мэтаў ніколі не выкарыстоўвалі. Польскім вайскоўцам форты не спатрэбіліся: яны былі задалёка ад новай усходняй мяжы. Чырвоная Армія ўзялася прыстасоўваць уцалелыя збудаванні толькі за два тыдні да нападу гітлераўцаў на Савецкі Саюз. Пасля вайны ажно да сённяшняга дня гродзенская крэпасць не цікавіла ні ваенных, ні гісторыкаў, ні менеджэраў па турызме.

У напамін пра забытую гісторыю фортаў аўтары назвалі свой даведнік “100 год адзіноты. Невядомая крэпасць Расійскай імперыі”. Як ні дзіўна, выдавец турыстычнага гіда знайшоўся на мясцовым мясакамбінаце. Побач з абарончай лініяй фортаў прадпрыемства развівае агратурыстычны комплекс “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”.

Аўтары маршрутаў па крэпасці прызналіся, што ў сваёй справе адчуваюць сябе такімі ж самотнымі, як і свае каменныя героі. Гісторыя гродзенскіх фортаў хавае яшчэ шмат таямніц, вартых цэлага музея.

“Адзінокімі адчуваем сябе, але не расстройваемся. Што можам, тое робім, — кажа Дзмітрый Люцік. — Калі нейкая арганізацыя ці прадпрыемства выкупіць ці возьме ў доўгатэрміновую арэнду якое-небудзь са збудаванняў, то безумоўна, мы гатовыя дапамагчы матэрыяламі, чарцяжамі, інфармацыяй, чым заўгодна ў стварэнні экспазіцый, выставаў на гэтым аб’екце”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі