Пад французаў на “Дынама” укінуць 800 кіло угнаенняў

Газон на “Дынама” пакрыты адмысловай плёнкай, праз якую яго паліваюць са шлангу вадой. З боку, з пад плёнкі, ўжо выбіваецца трава, сантыметраў у 5. На першых гульнях чэмпіянату Беларусі на пачатку красавіка газона фактычна не было.

Затое былі хваляванні – ці паспее вырасці трава да 3 чэрвеня?

Так выглядаў газон напачатку чэмпіяната Беларусі

Так ён выглядае сёння

Спатрэбілася 400 кілаграмаў насення і 800 кілаграмаў угнаенняў, - распавядае Еўрарадыё аграном стадыёна “Дынама” Віктар Золін.


Золін: “Для аднаўлення газона, цягам 1,5 месяца іх (насенне – прым Еўрарадыё) трэба 400 кілаграмаў. 340 ўжо пасеяна, 60 кілаграмаў яшчэ будуць дасявацца ў пэўныя месцы. Ужо ўнесена 400 кілаграмаў угнаенняў, да канца траўня спатрэбіцца яшчэ 400”.



Адзін кілаграм такога насення каштуе ў сярэднім 40 тысяч рублёў, кажа Віктар Золін. Угнаенні блізу 5 тысяч за кілаграм. Такім чынам, толькі насенне і ўгнаенні каштавалі каля 20 мільёнаў рублёў. Дарэчы, на год для стадыёна патрэбна 2,5 тоны ўгнаенняў.


Насенне для газону вязуць з Германіі, прызнаецца Віктар Золін.


Золін: “Гэта сумесь газонных траваў нямецкай вытворчасці. Гэта даволі вядомая фірма “Еўраграс”. Калі быў чэмпіянат свету ў Германіі выкарыстоўвалася ільвіная доля іх насення. Туды ўваходзяць райграс пашавы, мятлік і чырвоная аўсяніца”.


Райграс ўзыходзіць ужо праз тыдзень, мятлік праз два, а аўсянніца – толькі праз тры тыдні. Паліваць газон трэба кожны дзень, калі сонечнае надвор’е. З сярэдзіны красавіка траву на полі касілі двойчы. Праўда, цяпер газон пад плёнкай (спантбондам). Яе знімуць у сярэдзіне траўня.


Узімку газон значна пашкодзіўся, бо даводзілася ўключаць ацяпленне, адмыслова пад гульні “БАТЭ” - шкадуе аграном стадыёна.


Золін: “У снежні гуляла “БАТЭ”, значыць у лістападзе ўключылі ацяпленне і вывелі расліны з зімовай спячкі. Пасля ацяпленне выключылі, і расліны перапынілі фізіялагічныя працэсы. Таму яны пакутавалі ад маразоў. Пасля ацяпленне зноў уключылі ў студзені, каб “Батэ” згуляла ў лютым”.


Між іншым, за станам поля сочаць не толькі супрацоўнікі стадыёна. Трэнер беларускай зборнай Брэндт Штанге абавязкова правярае стан поля перад гульнёй.


“Прыязджае напярэдадні трэніроўкі. Правярае стан газона, стан варотаў. Калі яго нешта не задавальняе ён кажа нам. Здараецца, калі дрэннае надвор’е, можа наогул адмяніць трэніроўку. Не таму, што футбалісты прабегчы не могуць, а каб зберагчы поле для гульні, бо ўсе трэніроўкі перад матчам праходзяць”, - распавядае Еўрарадыё памочнік дырэктара стадыёна “Дынама” Ігар Рабцэвіч.


А вось новы кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу Сяргей Румас пакуль не сочыць за полем. Гэтым займаюцца яго намеснікі, кажуць на “Дынама”.


Канчатковы ж вердыкт полю вынесуць эксперты з УЕФА. Яны вырашаць, ці гатовы стадыён, каб прыняць французаў, даводзіць Ігар Рабцэвіч.


“Эксперты УЕФА прыязджаюць за дзень да гульні – на трэніроўку. 2 чэрвеня ў нас будзе трэніравацца зборная Францыі ў 18:00. Да гэтага часу прыедуць эксперты. Яны правядуць агляд стадыёна. Але асноўны вердыкт па стане поля, па стане газона і стадыёна будзе выносіцца ў дзень гульні, на ранішняй нарадзе”.


Пасля гульні газон давядзецца рамантаваць. Працоўныя прытопчуць дзіркі, пасля поле ўкатаюць адмысловай тэхнікай. Тыя ж участкі, якія прытаптаць не атрымаецца, давядзецца засеяць нанава, кажа Віктар Золін.

Газон на "Дынама"


А так выглядае звычайная трава на рынку між шапікамі

Дарэчы, на сёння ў касах “Дынама” на гульню зборных Беларусі і Францыі прададзена 1350 квіткоў. Яны каштуюць ад 5 да 70 тысяч рублёў. А для французскіх аматараў падрыхтуюць 11 сектар на 945 месцаў.

Фота 2: sports.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі