Па дарозе з поля да крамы грэчка даражэе… у 6 разоў

111118 Luka6uk Aves.mp3

Сёння пакет беларускай грэчкі ў крамах каштуе больш за 16 тысяч. Але як распавялі Еўрарадыё ў сельгасвытворчым прадпрыемстве “Пражэктар” Лепельскага раёна, яны сёлетні ўраджай грэчкі прадавалі дзяржаве па... 2700 рублёў за кілаграм.

“Пражэктар”:  “Мы здавалі дзяржзаказ, 80 тон. Кошт залежыць ад якасці, і ў нас яны прымалі па 2700-2400 рублёў за кілаграм”.

Такая сітуацыя абурае намесніка міністра сельскай гаспадаркі Васіля Паўлоўскага.

Васіль Паўлоўскі: “Сапраўды, сёння ў краме 16 000, а прадаем па 2700 — розніца ў 6 разоў! Хлебапрыёмныя камбінаты накручваюць 30%, гандаль 30%... Што, павінен калгас пакутаваць сёння, карміць усё гэтую “пракладку”, што паміж імі?! І гэта не толькі па гэтай прадукцыі так — па ўсёй. Паглядзіце: на мяса закупачны кошт 11-15 тысяч, а ў краме — 70 тысяч!”

Чыноўнік сцвярджае, што ўзнімаў гэта пытанне перад прэм’ерам і папярэдзіў яго: будуць абараняць сялян.

Васіль Паўлоўскі: “Узнімалі і ў прэм’ера гэтыя пытанні, паўсюль ўзнімалі гэтыя пытанні. Ну, я і сказаў, што ў наступным годзе, калі кошт такі будзе, то не менш за 10 тысяч закупачны кошт будзе ў калгасах. Вось хай і думае!”

Такая ж сітуацыя і з аўсом, з якога і робяць аўсяныя шматкі. Сяляне здавалі яго на хлебакамбінаты па кошце 475 рублёў за кілаграм. У крамах пакет аўсяных шматкоў каштуе каля 4 тысяч рублёў. Розніца амаль у 10 разоў! Праўда, у начальніка камерцыйнага аддзела Навабеліцкага камбіната хлебапрадуктаў Аляксандра Матлахова тлумачэнняў такой розніцы безліч. І не апошняе сярод іх тое, што якасць аўса… дрэнная.

Аляксандр Матлахоў: “Зерне падаражала — на 30%. Авёс у прыватнасці. Трэцяга класа — 475 тысяч рублёў за тону. А з гэтага аўса выхад — каля 45% гатовай прадукцыі, а то і менш атрымліваецца. А якасць аўса не вельмі сёлета. Кардон падаражаў. Ну, і электраэнергія — падаражала ж, напэўна? А ў нас жа цэлы завод, пяціпавярховы будынак, поўны электраабсталявання — усё круціцца”.

Паводле яго словаў, кошт 4230 — не самы вялікі сярод беларускіх вытворцаў. Яны працуюць з прыбыткам у 4-5%. І яшчэ раз вінаватай у такіх коштах на іх прадукцыю назваў электраэнергію.

Доктар-дыетолаг Віцебскай вобласці Леанід Ачуновіч папярэджвае: ад круп у сваім меню адмаўляцца ні ў якім разе нельга.

Леанід Ачуновіч: “Усе крупы павінны прысутнічаць у асартыменце меню: і рысавыя, і аўсяныя, і грэцкія. Грэчка карысная тым, што ў яе вугляводаў менш у параўнанні з іншымі крупамі. Да таго ж у грэчцы ёсць бялкі раслінныя, а бялок важны тым, што там маюцца незаменныя амінакіслоты”.

Як даведалася Еўрарадыё, пакуль, нягледзячы на высокі кошт грэчкі, яе не “выкінулі” з меню беларускіх школ і шпіталяў. Дыетолаг катэгарычна не раіць гэтага рабіць і надалей.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі