Оўпэн-эйр "Пікнік.by" пераносіцца на адзін дзень

Фестываль "Пікнік.by" пераносіцца на 1 ліпеня. Прычынай пераносу стала дзяржаўнае рашэнне, зрабіць суботу 30 чэрвеня, на якую першапачаткова і быў  запланаваны оўпэн-эйр, працоўнай.

"Напэўна, трошкі зменіцца лайн-ап, але думаю, што максімум – на 10 адсоткаў, - каментуе наступствы пераносу арганізатар Нік Маторын. - Пакуль незразумела, мы зараз з усімі размаўляем, хлопцы высвятляюць адзін у аднаго... Але мы мяркуем, што ў любым выпадку хтосьці не здолее, можа гастролі, ці яшчэ што-небудзь".

Дакладна вядома, што са спісу выступоўцаў знікне "Аддис Абеба". Што тычыцца немузычных забаваў, то ніякіх зменаў не плануецца. Як і абяцалі раней, на фэсце чакаецца безліч разнастайных гульняў, выдзеленае месца пад намёты і ўсё, што патрэбна для выдатнага сямейнага адпачынку.


Дарэчы, пакуль у клубе "Графіці" яшчэ можна набыць ільготныя квіткі па 90 тысяч, але іх засталося зусім мала. Далей праходкі на "Пікнік.by" будуць выкідацца ў продаж невялікімі партыямі, прычым, бліжэй да фэсту іх кошты будуць расці.

Першая сцэна (14:00 - 23:00):
"Серебряная свадьба", "Разбiтае Сэрца Пацана", Chiefs Band, Botanic Project, Akute, The UNB, "Черчилль" (RockerJoker), "Красные Звезды", , Monkey Bite. Вядучыя на сцэне Каця Пытлева ды Ілля Маліноўскі.
 
Другая сцэна (14:00 - 02:00):
Pomidor/OFF, HandMadE, Паліна Рэспубліка, Анастасія Шпакоўская, "Гаротніца", Guda, Pawa, "Людзі на балоце", "Нагуаль", "Князь Мышкін", праект "Танцы з Бубнам", Diamos Roll&Руся. А таксама паэты Віталь Рыжкоў, Кацярына Зыкава, Антон Рудак, Андрэй Адамовіч, Уладзь Лянкевіч, Ася Волкава, Марыйка Мартысевіч, Андрэй Хадановіч. Вядучы Алег Хаменка.

На розных зонах фэстывалю:
Дыджэі SheJay Ksana, Andy Roc, Карамыслаў, Papa BO, Ежака (Каця Пытлева), Stereobeaver (Вільня).

Разнастайныя забавы: фрысбі, капаэйра, сокс, бодзі-арт, выставы, кінатэатр пад адкрытым небам, настольныя і спартовыя гульні, ёга ды іншае.

Праезд:
Арганізатары раяць дабірацца на ўласным транспарце (будзе вялікая паркоўка). Каардынаты для GPS-навігатара: +54° 14' 18.04", +26° 25' 46.14"

Як ехаць з Мінска на аўто:
Месца прызначэння: вёска Малое Запруддзе, Валожынскі раён, Мінская вобласць. Тэрытарыяльна на вялікай мапе трэба знайсці чыгуначную станцыю "Валожын" і ад яе ў трох км. на поўнач будзе знаходзіцца гэты населены пункт. На больш дробных мапах можна знайсьці суседні населенны пункт – Лоск. Агульная працягласць маршрута ад Мінска да хутара Шаблі – 100 км. роўна. Цягам усяго шляху працуе мабільная сувязь асноўных аператараў.

Важна ведаць: Чыгуначная станцыя "Валожын" знаходзіцца ў 17 км. на поўнач ад горада Валожын!

Запраўкі: адразу на выездзе на гарадзенскую трасу; праз 27 км., у Валожыне (+газ).

Праезд па кроках:

1.    Выезд з Мінска на гродзенскую трасу (Е28)
2.    Праз 56 км. – пост узважвання фур, за ім – падзел дарогі. Гродзенская сыходзіць пад аўтамабільны мост лявей, вам – направа, перад мостам, па ўказальніку на Ашмяны, Вільню.
3.    Па віленскай трасе 23 км. па галоўнай, да аўтамабільнага моста над галавой. Перад мостам направа па ўказальніку "ст. Валожын".
4.    Ад моста ехаць прыблізна 5 км. па галоўнай да населенага пункту Гародзькі.
5.    Па ўездзе ў Гародзькі на скрыжаванні ў выглядзе "Т" налева на знак "Лоск — 7км"
6.    Па галоўнай, па асфальце. Праз 500 м. каля царквы направа, да чыгуначнага пераезда, які будзе яшчэ праз 300 м.
7.    Пасля чыгуначнага пераезду праз 1 км. на правым баку глядзець на маленькі белы ўказальнік Запруддзе.
8.    За ўказальнікам павярнуць направа, на ўнутраную асфальтавую дарогу, што ідзе па вёсцы. Арыентавацца пры руху на часовыя пазнакі, якія будуць указваць кірунак да паркоўкі фэсту.
9.    Важна! Для правільнага размяшчэння машын, паведаміце, калі ласка, ахове прыблізны час свайго прыезду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі