Новыя санкцыі ЗША супраць беларускіх прадпрыемстваў
Іх вінавацяць у парушэнні амерыканскага закона аб нераспаўсюдзе зброі масавага знішчэння.
Санкцыі тычацца не толькі беларускіх юрыдычных і фізічных асобаў: у “чорным спісе” фірмы з Кітаю, Венесуэлы, Ірана, Сірыі і Судана. Як паведаміў дзярждэпартамент ЗША, санкцыі прымяняюцца ў дачыненні да двух арганізацый з Беларусі — кампаніі “ТМ Сервісіз” і Рэспубліканскага навукова-прамысловага ўнітарнага прадпрыемства ДБ “Радар”, а таксама любых іх даччыных структур.
Паводле заключэння амерыканскіх уладаў, дзеянні гэтых кампаній і грамадзян патэнцыйна былі здольныя зрабіць “матэрыяльны ўнёсак у распрацоўку зброі масавага знішчэння або крылатых і балістычных ракет”, паведамляе ІТАР-ТАСС.
"ТМ Сервісіз" па каталогах праходзіць як кампанія, якая займаецца навуковымі распрацоўкамі ў сферы бяспекі, піша "Народная воля". У 2011 годзе яна ўжо з'яўлялася ў чорных спісах ЗША. Тады прагучала інфармацыя, што беларускі бізнэсмэн Юры Чарняўскі паспрабаваў здабыць тэхналогіі для сваёй кампаніі TM Services ў расійскай фірмы Optolink з мэтай іх наступнага продажу Ірану.
А вось што тычыцца кіруючай кампаніі холдынгу "Сістэмы радыёлакацыі", то ёю з'яўляецца ААТ «КБ Радар». Аднак апроч яго ў холдынг ўваходзяць ААТ "Алевкурп" і ААТ "Волат".
"Волат" — гэта платформы вайсковага прызначэння вытворчасці Мінскага завода колавых цягачоў. ААТ “Алевкурп” — прадпрыемства абароннага сектара, якое спецыялізуецца на распрацоўцы і мадэрнізацыі радыёлакацыйных сістэм і сістэм кіравання зброяй. Ці распаўсюджваюцца санкцыі на іх, пакуль незразумела.
Больш канкрэтных звестак адносна таго, хто, калі, каму перадаваў якую менавіта тэхніку або тэхналогіі, замежнапалітычнае ведамства ЗША не падае.
На практыцы ўжытыя санкцыі азначаюць, што ўраду ЗША забаронена заключаць кантракты з мэтай набыцця тавараў, паслуг і тэхналогій у уключаных у “чорны спіс” юрыдычных і фізічных асоб, а таксама аказваць ім якое-небудзь судзеянне.
Акрамя таго, гэтыя юрыдычныя і фізічныя асобы не могуць з гэтага часу набываць у ЗША зброю і вайсковую тэхніку, паслугі па іх абслугоўванні і іншыя тавары, продаж якіх за мяжу рэгулюецца амерыканскімі правіламі экспартнага кантролю.
Як нагадвае Радыё “Свабода”, эканамічныя санкцыі ЗША ўпершыню ўвялі ў чэрвені 2006 года супраць двух прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім".
У красавіку 2008 года гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у яго склад. За два наступныя гады таваразварот паміж Беларуссю і ЗША зменшыўся ў чатыры разы.
У жніўні 2010 года Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў, якія маюць іранскі капітал, — ЗАТ "Онэрбанк" і "Банк гандлёвы капітал". Санкцыі былі ўхваленыя ў сувязі з іранскай ядзернай праграмай.
У сакавіку 2011 году ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрна "Беларуснафта" — за яго дзейнасць у Іране. У жніўні таго ж года Міністэрства фінансаў ЗША выдала загад аб увядзенні эканамічных санкцыяў супраць 4 беларускіх прадпрыемстваў — "Белшына", "Гродна-Азот", "Гродна-Хімвалакно" і "Нафтан". Грамадзянам ЗША былі забароненыя любыя камерцыйныя здзелкі з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрыемстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваліся.
У траўні 2011 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць кампаніяў "Белтэхэкспарт" і "БелОМА".