Nickelback прывязуць у Мінск фуры з піратэхнікай і шоў як у Rammstein

Еўрапейскі тур канадцаў ужо скончыўся, а Беларусь і Расію гурт наведае на шляху ў Аўстралію! Акрамя, уласна, фірмовага шоў, Nickelback вязе за сабою 10 фур тэхнікі — усё, да апошняга цвіка, было адмыслова замоўленае ў Англіі. Што тычыцца піратэхнікі — за яе адказваюць немцы, якія ладзяць шоў для Rammstein.

А вось ці ўбачаць беларусы знакамітую “лятаючую” сцэну Nickelback — пакуль невядома.

"У гэтым годзе гурт рыхтуе абсалютна іншую гісторыю і вязе зусім іншы сюрпрыз, — інтрыгуе арганізатар расійскіх выступаў каманды Андрэй Агапаў. — Магу толькі сказаць, што будзе дастаткова многа піратэхнікі, звыклае напаўненне шоў Nickelback, і гэта будзе вельмі прыгожа. А вось лятаючай будзе сцэна ці не — гэта пакуль сюрпрыз. Сам гурт ставіцца вельмі адказна да таго, каб кожны яго канцэрт стаў падзеяй".

Разаграваць Nickelback цягам усяго туру едзе маладая амерыканская каманда Troy Harley. Гэта яшчэ адзін сюрпрыз, на які робяць стаўку арганізатары расійска-беларускай часткі туру, бо новы франтмэн Troy Harley – выхадзец з "Фабрыкі зорак-6" і былы вакаліст расійскага гурта "Чэлсі" Раман Архіпаў. Цяпер гуртом актыўна займаецца Randy Jackson (мэнэджар Bon Jovi – заўв. Еўрарадыё), які рыхтуе для гастроляў каманды адмысловае шоў.

Дарэчы, на пытанне Еўрарадыё, пра тое, ці прыедзе ў Мінск цяперашняя гёлфрэнд фронтмэна Nickelback Аўрыл Лавін, арганізатар засмяяўся і нічога не сказаў.

Нагадаем, што канцэрт адбудзецца 31-га кастрычніка ў "Мінск-Арэне". Квіткі можна набыць праз сайт kvitki.by ды ў касах па ўсёй краіне. Кошт ад 410 тысяч рублёў.

Далучайцеся да імпрэзы ў суполках facebook.com ды vk.com

 

Фота: saraborck.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі