Наколькі танней міліцыянту абыходзіцца ўласнае жыллё (падлікі)

“Хто сказаў, што тут будуць жыць сілавікі? Не толькі сілавікі, але і іншыя людзі. А калі і сілавікі, то што — яны не грамадзяне Рэспублікі Беларусь?” — расказваюць Еўрарадыё ў “Мінскім домабудаўнічым камбінаце” пра нашумелую будоўлю ва Уруччы.

Вядома, што грамадзяне. Вось толькі не зусім звычайныя. На днях газета “Минский курьер” апублікавала праектную дакументацыю на новы дом ў мікрараёне Лошыца, дзе будуць жыць сілавікі і тыя, хто чакае чаргі больш за 20 гадоў. Кошт метра — 630 долараў. Прычым эксперт па нерухомасці Мікалай Прасталупаў з асацыяцыі “Нерухомасць” расказвае Еўрарадыё, што сярэдні кошт квадратнага метра ў Мінску ўжо дасягнуў 1400 долараў.

Нескладаныя падлікі паказваюць, што адносна невялічкая двухпакаёвая кватэра плошчай 60 квадратаў пры такім раскладзе будзе каштаваць усяго каля 38 тысяч долараў. Для простых смяротных — 84 тысячы, больш як удвая даражэй.

І гэта не ўсё. Крэдыт на жыллё сілавікам (а гэта не толькі міліцыянеры, сюды ж адносяцца супрацоўнікі КДБ, Дэпартамента аховы, Дэпартамента выканання пакаранняў і інш.) выдаюць пад 5%. Звычайным грамадзянам — больш за 30% (на 20 гадоў). Калі падлічыць усе выдаткі за 20 гадоў карыстання крэдытам, то атрымаецца, што міліцыянер заплаціць за тую ж сціплую двухпакаёўку 76 тысяч долараў. А беларус без пагонаў — астранамічную суму ў 605 тысяч долараў.

Мікалай Прасталупаў расказвае, што ахвотных узяць неільготны крэдыт на будаўніцтва кватэры амаль няма.

“З тых, хто бярэ крэдыты на жыллё, 95% карыстаюцца льготнымі. Як правіла, звычайныя крэдыты пад 35-40% людзі не бяруць. Толькі ў выключных выпадках”

Ды і адкуль узяцца такім людзям, калі грошы на аплату поўнага кошту двухпакаёўкі выдадуць толькі тым, хто ў месяц зарабляе больш за 5 тысяч долараў? Калі змогуць угаварыць такога шчасліўчыка аформіць крэдыт, вядома.

Самі міліцыянты нейкай несправядлівасці ў існаванні льгот не бачаць.

“Я нядаўна быў на пачатку будаўніцтва дома, там ужо пачаліся працы. Службовае жыллё ж — гэта чужое. Скончыцца служба — на вуліцу ісці?" — пытаецца амапавец Эдуард, будучы жыхар Уручча.

Што праўда, ільготы у Беларусі прадугледжаныя не толькі для сілавікоў. Яшчэ для інвалідаў, сірот, малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў. Для апошніх, напрыклад, магчымасць атрымаць крэдыт пад 14% на 20 гадоў. У тры разы даражэй, чым міліцыянтам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі