На вёску, якая хацела байкатаваць выбары, звярнулі ўвагу чыноўнікі

Пра вёску Стаўры Аршанскага раёна загаварылі ў розных кутках краіны пасля таго, як мясцовыя жыхары аб’явілі байкот выбарам у Палату прадстаўнікоў. Аднак падзейнічалі на стаўраўцаў зусім не заклікі апазіцыянераў, а штодзённыя праблемы, якіх мясцовыя ўлады не маглі вырашыць ужо шмат гадоў.

Стаўры можна лічыць сапраўднай глухой вёскай: працаваць жыхарам няма дзе — мясцовы калгас “Ленінская іскра” закрылі ў 2008 годзе, ворныя землі зараслі быллём, пустуюць старыя хаты. Навокал — бездарожжа, узімку вяскоўцы не могуць патрапіць не толькі ў суседнія вёскі, але нават на працу на птушкаферму ў Оршу, а з-за абрываў лініі электраперадач жыхары па некалькі дзён могуць сядзець без святла. На ўсё гэта ўлады гадамі не звярталі ўвагі.

Вяскоўцы пайшлі на крайнюю меру — напісалі адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, што будуць байкатаваць парламенцкія выбары. І гэта падзейнічала! Як толькі інфармацыя пра лакальны байкот з’явілася ў СМІ, у вёску Стаўры пачалі з’язджацца мясцовыя кіраўнікі. Даехаў нават ідэолаг з Віцебска, распавядае жыхар вёскі і назіральнік на выбарах Ігар Грышанаў:


"З Віцебска прыехаў ідэолаг, і я казаў яму, што трэба адкрыць нейкае прадпрыемства, каб людзі маглі жыць сваім хлебам. А ён мне кажа, што шукайце спонсара. Дзе я знайду яму таго спонсара? Не можна сноўдацца па вёсцы, працы шукаючы! Як “цімураўцы”, платы маляваць!? Гэта, вядома ж, добра, але гэта не дае стабільнага заробку. А дзе я яму спонсараў тых знайду?! Прыязджаў таксама Кошкін — старшыня раённага Савета дэпутатаў… Прыязджалі з Раённага спажывецкага таварыства…"

 
Каб адрадзіць ферму, ідэолаг прапанаваў вяскоўцам самім шукаць спонсараў. А што ж рабіць з дарогамі, якіх фактычна няма ў Стаўрах? Паводле словаў Ігара Грышанава, нават “хуткую” выклікаць — праблема.
“Перад сходам, як перад паказальным выступам, прайшліся грэйдарам. Пасля сходу паліў дождж: што прайшліся, што не прайшліся — людзі як цярпелі, так і церпяць далей. Як доктара клічам — агіда бярэ за нашую вёску”. 

 
Прадстаўнікі мясцовай улады нават наважыліся правесці сход, каб абмеркаваць з вяскоўцамі шляхі вырашэння іх праблем. Аднак папярэдзілі пра яго напярэдадні ўвечары. У выніку не ўсе паспелі даведацца, — кажа Ігар Грышанаў


“13-га сход быў. Выйшла так: восем адказных асобаў і дзевяць вяскоўцаў. Толькі 12-га пасля абеду павесілі аб'яву, а 13-га ўжо зрабілі сход. Людзі нават не ведалі: каму паспелі патэлефанаваць — тыя і прыйшлі”. 

 
Выходзіць, яўка на выбарах цікавіць мясцовую ўладу значна больш за сапраўднае вырашэнне праблем жыхароў вёскі Стаўры. Аднак такія візіты чыноўнікаў пакуль што не пераканалі вяскоўцаў галасаваць за кандыдата ад улады Уладзіміра Дзедушкіна. На думку стаўраўцаў, ён на сваёй пасадзе ўжо сябе дыскрэдытаваў.  


Рубрыка “Ты можаш” падрыхтаваная спецыяльна для праваабарончай праграмы “Кардыяграма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі