На падмурках палаца каралевы Боны зрабілі сметнік (фота)
У вёсцы Сялец пад Бярозай дагэтуль захаваліся рэшткі каралеўскага палаца, але замест турыстаў – там смецце і старыя пакрышкі.
“Колькі я памятаю, вось мне 62-гі год, яшчэ мая бабуля казала, гэтае месца заўсёды называлі “палац”. І прадзед яе – усе даводзілі: тут жыла нейкая каралева. Гэта месца заўсёды называлі палац. Раней, бывала, калі пасвілі скаціну, пыталі: Дзе кароў паставілі? – А на палацы!”, – расказвае мясцовы жыхар Анатоль Сахаруша.
Гістарычныя даведнікі пацвярджаюць: на пачатку XVI стагоддзя кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт “Стары” падараваў сваёй жонцы Боне Сфорцы Сялец.
Італьянка пабудавала там “замак, які меў назву Сялецкі палац”. Яго разбілі
ў адной з войнаў пазней. Цэглы мясцовы разабралі пасля сусветных войнаў мінулага стагоддзя. 5-метровай глыбіні роў вакол замка заплыў пяском і зарос хмызамі. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ўсё выглядала інакш.
“Фундаменты вось тут былі, – працягвае Анатоль Сахаруша. – Як не было тут сметніка, было відно. Нам, дзецям, цікава было, дык раскопвалі. Пасярэдзіне падмуркі меншыя, а вонкавыя, пад нясучыя сцены, – у два метры таўшчынёю. Мы думалі спачатку, падлога, расчысцілі – не, падмурак”.
Вакол палаца – сажалкі і ландшафтны парк. Аляксандр Сахаруша прыгадвае, што некалі ў парку было 16 відаў заморскай шаўкавіцы, але цяпер ўсе кусты выкарчавалі.
Роў вакол былога палаца
Некалі тут была каралеўская сажалка
Раней тут быў парк і сад, а цяпер поле. Удалечыні бачны сялецкі касцёл.