Місія АБСЕ едзе ў Мінск, каб даведацца, што з іх рэкамендацый не выканаюць

130305_eurafokus.mp3

Упершыню пасля парламенцкіх выбараў 2012 года нашу краіну наведае місія БДІПЧ АБСЕ. На 6 сакавіка ў іх запланаваная сустрэча ў Цэнтравыбаркаме. Калі казаць афіцыйнай мовай, то, паводле слоў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, на гэтай сустрэчы будуць абмяркоўваць “вынікі мінулай выбарчай кампаніі і рэкамендацыі АБСЕ па выніках гэтай кампаніі”. Але…

Мікалай Лазавік: “Я не гатовы зараз сказаць, што яны хочуць ад нас пачуць”.




Насамрэч вялікага сакрэту ў гэтым няма. Прадстаўнікі АБСЕ, тлумачыць прэс-сакратар БДІПЧ АБСЕ Томас Раймер,  хочуць даведацца, ці будуць выконвацца іх апошнія рэкамендацыі.

Томас Раймер: “Беларусь, як любая краіна-сябра АБСЕ, абавязалася прытрымлівацца рэкамендацый з канчатковых дакладаў БДІПЧ па выніках выбараў. А ў мінулым годзе ў Беларусі былі парламенцкія выбары. І наша праца — прапаноўваць меры, якія дапамогуць зрабіць выбарчую сістэму лепшай. І падчас гэтай сустрэчы мы будзем рабіць сваю працу — прапаноўваць сваю дапамогу ў гэтай справе”.

Цікава, што, згодна са словамі прадстаўніка БДІПЧ АБСЕ, яны не ведаюць пра адмысловую “выбарчую” нараду ў Аляксандра Лукашэнкі. Якая прайшла яшчэ 31 студзеня і на ёй ужо вырашаны лёс пераважнай большасці рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ — выконваць іх не будуць. Галоўная прапанова АБСЕ — неабходнасць пры падліку галасоў паказваць кожны бюлетэнь назіральнікам — не будзе прапісаная ў Выбарчым кодэксе. Бо гэта не гарантыя выканання. Пра гэта Еўрарадыё расказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адразу па заканчэнні той сустрэчы. 

Лідзія Ярмошына: “Напісаць можна ўсё што заўгодна ў законе! Уся справа ў правапрымяняльнай практыцы. І мы будзем на гэта ўпор рабіць (прапаноўваць так лічыць сябрам камісій. — Еўрарадыё) — у закон гэта ўносіцца не будзе пакуль”.




Рэкамендацыя АБСЕ пазбавіць прэзідэнта Беларусі права прызначаць кіраўніцтва ЦВК нават не абмяркоўвалася. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, гэта права прапісана ў Канстытуцыі. Ніхто не будзе праводзіць адмысловы рэферэндум, каб яе змяніць. Як і пазбаўляць чыноўнікаў райвыканкамаў права фармаваць участковыя выбарчыя камісіі таксама не будуць.
Томаса Раймера гэта не здзіўляе.


Томас Раймер: “Трэба разумець, што БДІПЧ — гэта не выбарчая міліцыя. Што яны робяць і што яны збіраюцца зрабіць — гэта залежыць ад палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі. Гэта ж не заказ ад нас — гэта проста рэкамендацыі. І гэта іх справа — што выконваць, а што не выконваць”.


Суразмоўца Еўрарадыё ўхіляецца ад адказу на пытанне, як могуць змяніцца ўзаемаадносіны паміж нашай краінай і БДІПЧ АБСЕ ў тым выпадку, калі з усіх рэкамендацый будзе сапраўды выкананая толькі адна-дзве. Прычым — нязначныя. Да прыкладу, наконт магчымасці судовага аспрэчвання адмены рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты, а таксама — папярэджанняў, якія былі яму вынесеныя выбарчымі камісіямі.


Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ўпэўнены: місія паедзе з Беларусі з чарговай порцыяй абяцанак.


Раман Якаўлеўскі: “Ніякіх прыкмет павагі да гэтай структуры (АБСЕ. — Еўрарадыё), а ўвага праяўляецца ў тым, каб кіравацца добраахвотна ўзятымі на сябе абавязальніцтвамі ў рамках АБСЕ — я не бачу прыкмет таго, што афіцыйны Мінск гатовы гэта выконваць”.


Паводле слоў эксперта, Беларусь, як і Расія, ставіцца да ролі БДІПЧ вельмі адмоўна — аддаючы прыярытэт місіі СНД. Міжнародных жа назіральнікаў беларускія ўлады абвінавачваюць у палітызаванасці і двайных стандартах ды практычна ніколі не выконвалі іх рэкамендацыі. Тым больш што ніводныя беларускія выбары пасля 1994 года не былі прызнаныя дэмакратычнымі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі