Міліцыянт на вуліцы Рафіева чуў, як Свярдлоў лаяўся на вуліцы… Лермантава

Мінскі гарадскі суд пакінуў журналіста Еўрарадыё за кратамі. Прысуд Паўлу Свярдлову, вынесены судом Маскоўскага раёна, застаўся без зменаў і такім чынам журналіст Еўрарадыё правядзе за кратамі ўсе 15 сутак. Гэта сёння абвясціла суддзя Алена Шылько. Яна, дарэчы, унесеная ў "чорны спіс Еўрасаюза", бо ў 2011 годзе вынесла жорсткія прысуды маладафронтаўцам Змітру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву.

Адвакатка Свярдлова сваю прамову пачала з таго, што пастанова суда Маскоўскага раёна ў дачыненні да журналіста не адпавядала рэчаіснасці. Падмацоўвалася пазіцыя абароны паказаннямі сведкі — суседа Паўла Свярдлова па пад’езде, які на ўласныя вочы бачыў момант затрымання. Паводле яго словаў, 22 чэрвеня у 10 гадзін раніцы ён бачыў, як да Свярдлова падышлі двое моцных хлопцаў і завялі ў сіні мікрааўтобус. Пры гэтым журналіст нічога не выкрыкваў і супраціўлення не аказваў.

Абаронца таксама звярнула ўвагу суддзі на тое, што ў паказаннях супрацоўнікаў міліцыі былі выразныя супярэчнасці. Настолькі выразныя, што адзін з міліцыянтаў паведаміў, як знаходзячыся на вуліцы Рафіева 80 чуў, што Свярдлоў лаяўся па адрасе Лермантава, 80. Аднак такога адрасу папросту не існуе. Ды і адлегласць паміж гэтымі вуліцамі — кіламетраў 5. Пачуць нешта складана.

Яшчэ адным важным фактам, на які звярнула ўвагу адвакат, была прыналежнасць міліцыянтаў, якія паводле пратаколаў затрымлівалі Свярдлова. Усе яны служаць у Палку міліцыі спецыяльнага прызначэння. А гэтая адзінка не займаецца патруляваннем вуліц — толькі ахоўвае масавыя мерапрыемствы. Аднак спроба адвакаткі высветліць, якім чынам спецназаўцы ў 10 гадзін раніцы аказаліся на вуліцы Рафіева, дзе быць па службе не маглі, скончыліся нічым. У той дзень ніякіх масавых мерапрыемстваў паблізу не праводзілася. Аднак суддзя не звярнула на гэта увагі.

У выніку касацыйная скарга па справе Свярдлова так і засталася незадаволенай. Павел павінен выйсці на свабоду 7 ліпеня.

Нагадаем, журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова затрымалі раніцай 22 чэрвеня каля пад’езда яго дома. Патэлефанаваць сваякам і на працу, а таксама напісаць у пратаколе сваю версію таго, што адбылося, міліцыянты не дазволілі. У той жа дзень суд Маскоўскага раёна прысудзіў Свярдлову 15 сутак арышту. З-за таго, што ў Паўла не было магчымасці паведаміць пра сябе, адвакат і калегі прыехалі, калі суддзя ўжо абвяшчала прысуд.
 
Касацыйную скаргу на прысуд журналіст накіраваў адразу пасля першага спаткання з адвакатам у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 25 чэрвеня. На наступны дзень сваю касацыйную скаргу накіравала і адвакат. Пасяджэнне ў гарадскім судзе было прызначанае на 15 гадзін 29 чэрвеня. Аднак на судзе высветлілася, што скарга Свярдлова за 4 дні так і не дайшла, а таму разгляд справы быў адкладзены.

Фота — shouldknow.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі